Амаль тры месяцы суд разглядае крымінальную справу былога сілавіка



Амаль тры месяцы Гарадзенскі абласны суд разглядае крымінальную справу былога сілавіка Сяргея Ціхага.

Яго абвінавачваюць: у распаўсюдзе службовай таямніцы і дзяржаўнай таямніцы. Справу Ціхага з 12 чэрвеня разглядае Аляксандр Козел. Судовы працэс праходзіць у закрытым рэжыме, таму пра абставіны справы пакуль нічога невядома.

Як пісаў Hrodna.life, дадзеныя Сяргея Ціхага супадаюць з дадзенымі былога начальніка аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Гродзенскага РАУС Ціхага Сяргея Уладзіміравіча.

30-гадовы Сяргей трапіў у тэлеграм-канал „Дошка ганьбы Рэспублікі Беларусь”. Там сцвярджалі, што ён нібыта „фабрыкаваў справы паводле арт.328 КК”, а таксама „здзекаваўся з затрыманых, прыкоўваў да батарэі”. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці — невядома.