Амаль у цэнтры Берасця знаходзіцца магіла паўстанцаў 1863-1864 гадоў



Берасцейскі краязнаўца і некрапаліст Іван Чайчыц паказаў магілу ўдзельнікаў Паўстання 1863 года. Яна месціцца на Каталіцкіх могілках па вуліцы Пушкінскай, што побач з цэнтрам горада.

Каментуе краязнаўца Ігар Бараноўкі, які прысутнічаў на ўшанаванні памяці ля месца пахавання:

– Наогул у Берасці ніколі не займаліся тэмай паўстанцаў сур’ёзна. І на месцах, звязаных з паўстаннем, ніхто асабліва не акцэнтаваў. Таму магіла Карнелюкоў з такім яўным палесскім прозвішчам, хоць і з каталіцкімі імёнамі – Ірэна і Францішак – вельмі цікавая. Паставілі яе дзеці. Мусім шукаць, хто былі такія Ірэна і Францішак Карнелюкі, чым яны адзначыліся ў гэтым паўстанні. Задача для краязнаўцаў і гісторыкаў вельмі цікавая, а для ўсіх берасцейцаў – месца памяці канешне.  

Паўстанне ў Польшчы, Літве і Беларусі 1863—1864 — паўстанне нацыянальна-рэвалюцыйных сіл на частцы зямель колішняй Рэчы Паспалітай супраць расейскага панавання і за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. У рускай гістарыяграфіі — Другое польскае паўстанне 1863—1864 або мяцеж, польскай гістарыяграфіі — Студзеньскае паўстанне, у частцы беларускай гістарыяграфіі — паўстанне Кастуся Каліноўскага.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота facebook.com/ihar.baranouski/