АМАП затрымаў у Менску дзве групы пратэстоўцаў



Раніцай супрацоўнікі АМАП ГУУС Менгарвыканкама затрымалі дзве групы пратэстоўцаў, паведамляе тэлеграм-канал „Міліцыя Мінска”.

„Паводле наяўнай у супрацоўнікаў інфармацыі, на вуліцы Мірашнічэнкі была запланаваная акцыя, удзельнікі якой павінны былі развешваць улёткі палітычнага характару. Пры адпрацоўцы названай тэрыторыі былі затрыманыя пяць жанчын, якія ўзялі ўдзел у акцыі. Пры сабе ў іх былі розныя ўлёткі. Узрост жанчын 25—40 гадоў, тры з іх раней ужо прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах”, — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя пяць чалавек, якія насупраць будынка адміністрацыі Цэнтральнага раёна Менска „ўзялі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — пікетаванні з выкарыстаннем незарэгістраванай сімволікі”.

„Устаноўлена, што затрыманыя знаходзіліся ў лакальным чаце, дзе дамаўляліся аб правядзенні несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў і абмяркоўвалі парадак іх правядзення. Характэрна, што чацвёра з затрыманых — жыхары Маскоўскага раёна сталіцы, яшчэ адзін мужчына, які раней прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, прыехаў у Менск на акцыю з Дзяржынскага раёна”, — адзначае ГУУС Менгарвыканкама.

Затрыманыя дастаўленыя ў тэрытарыяльныя РУУС Менска для далейшага разбору.

belapan.by/