Амапавец “пакутуе”, бо мог атрымаць фізічныя пашкоджанні, але не атрымаў
Новыя заявы з’явіліся ў крымінальным працэсе па абвінавачанні гарадзенцаў Міхаіла Юдзіна, Андрэя Севертокі, Сяргея Яфімовіча і Вадзіма Хіжнякова паводле артыкула 364 Крымінальнага Кодэкса. Пацярпелы ў працэсе АМАПавец, (імя якога схавана) запатрабаваў грашовай кампенсацыі, падаўшы цывільны пазоў. Абсурд заявы ў тым, што ён думае, што мог атрымаць фізічныя пашкоджанні ў той дзень, але на шчасце не атрымаў. Ад гэтага ён пакутуе. Адвакаты з гэтай фармулёўкай не пагадзіліся. Кажа праваабаронца Раман Юргель, з Беларускага Хельсінкскага камітэту, які назірае за працэсам:
– Пакуты ў тым, што чатырох гарадзенцаў зараз судзяць і яны салідарна мусяць аплаціць маральны ўрон, і ён просіць пералічыць гэтыя грошы ў дзіцячы дом у Гародні. Ён адвакатам уцямна не змог растлумачыць, якія пакуты. Яго запыталі, ці звяртаўся ён да псіхатэрапеўта. Адказаў, што не звяртаўся, лекі не купляў. А пакуты ад таго, што ён перажываў, што ў яго можа трапіць нейкая пластмасавая бутэлька, і ён мог атрымаць нейкія цялесныя пашкоджанні.
Працяг крымінальнага працэсу ў Ленінскім судзе Гародні пройдзе 10 сакавіка. А 18 сакавіка – судовыя спрэчкі. Суддзя Генадзь Мазайла разглядае гэтую крымінальную справу. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае памочнік пракурора Сяргей Пятрашка.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня