Амбасада Польшчы ў Беларусі выдала амаль 370 тысяч візаў
Прыпыненне росту выданых беларусам візаў амбасада Польшчы тлумачыць увядзеннем біяметрыі. За студзень-лістапад бягучага году польскія дыпламатычныя ўстановы выдалі беларусам амаль 370 тысяч візаў – прыкладна столькі ж было летась. Раней штогод гэты паказнік дэманстраваў толькі рост. Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Міхал Хабрас тлумачыць прыпыненне росту выданых польскіх і шэнгенскіх візаў дзвюма прычынамі:
– Па-першае, была ўведзена біяметрыя, гэта крыху павялічвае час падачы адной заяўкі. Усе амбасады, якія працуюць у Менску, у іх назіраецца зніжэнне гэтых паказчыкаў, у нас – захаванне. А па-другое, трэба адзначыць, што вельмі шмат даем працяглых, двух- трохгадовых, візаў.
Міхал Хабрас выказаў спадзяванне, што рост адновіцца са з’яўленнем неўзабаве сеткі візавых цэнтраў – у Менску, Берасці, Гародні, Гомелі, Магілёве, Баранавічах, Лідзе і Пінску.
Дамова пра стварэнне цэнтраў была падпісаная амбасадай Польшчы і кампаніяй VFS.Global 11 лістапада гэтага году.
Беларускае Радыё Рацыя