Амбасадар Польшчы наведаў Пастаўшчыну і Докшыччыну
Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі ў суправаджэнні вайсковага аташэ амбасады палкоўніка Яраслава Кемброўскага, дарадцы Пасла Аркадыюша Клембека і Генеральнага консула Пятра Апасталідзіса 17 чэрвеня наведаў польскія могілкі ў Крулеўшчыне і Даўгінаве на Докшыччыне. А пасля дэлегацыя паехала на Пастаўшчыну ў вёску Дунілавічы, каб там аддаць даніну памяці палеглым польскім жаўнерам. Дунілавіцкія могілкі польскіх вайскоўцаў бадай самыя вядомыя на Віцебшчыне.
Па словах краязнаўцы Кастуся Шыталя, у Дунілавічах быў бой, які адбываўся на пачатку чэрвеня 1920 года, падчас якога палеглі польскія жаўнеры, у тым ліку студэнцкая моладзь з Варшавы:
– Яны баранілі гэты пагорак каля касцёла ў мястэчку Дунілавічы пры дарозе з Вільні на Полацк, і шматлікія з іх тут палеглі і тут былі пахаваныя. Потым у міжваенны час гэтыя могілкі былі добраўпарадкаваныя, і 26 чэрвеня 1930 года ў прысутнасці прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масціцкага былі ўрачыста асвечаныя могілкі і помнік з чорнага мармуру.
Як кажа амбасадар Польшчы Артур Міхальскі, на жаль гэтыя імпрэзы маюць камерны характар з-за пандэміі, якая паўплывала на людскія зносіны, але, нягледзячы на гэта, людзі адчуваюць супольнасць:
– Гэтыя падзеі таксама вельмі важныя і для мясцовых жыхароў, паколькі яны доўгія гады памяталі пра гэтыя рэчы, нават тады, калі нельга было пра розныя рэчы размаўляць. Яны памяталі пра нашых людзей і данеслі памяць да нашых дзён. Я заўжды вельмі ўдзячны, што прысутнічаюць не толькі прадстаўнікі ўлады, святары, але таксама і мясцовыя жыхары.
Раней дыпламатычная дэлегацыя Польшчы на чале з амбасадарам Артурам Міхальскім наведала могілкі польскіх жаўнераў у Глыбокім і Докшыцах. Далей яны плануюць візіты па ўшанаванні памяці палеглых польскіх вайскоўцаў падчас савецка-польскай вайны не толькі на Віцебшчыне, але ў Менскую, Берасцейскую і Гарадзенскую вобласці.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя