Амерыканская сям’я з Бярозы падтрымала акцыю салідарнасці беларусаў



Беларуская сям’я Вадзіма і Аксаны Якушыкаў з Лос Анджэлеса, штат Каліфорнія падтрымала рэпрэсаваных і арыштаваных прэтэндэнтаў у кандыдаты, палітыкаў, журналістаў і беларускіх актывістаў.

Яны ўсім сэрцам з беларускім народам, за перамены! Таму далучыліся да акцыі салідарнасці. У рэдакцыю Беларускага Радыё Рацыя яны даслалі здымкі, дзе Вадзім, Аксана і сын Рыгор трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі і плакаты з надпісам: Стоп, таракан! І Свабоду беларусам!

Гэтая сям’я зведала рэпрэсіі бярозаўскіх уладаў, якія пазбавілі іх дома і сядзібы дзеля таго, каб мясцовыя тузы мелі зручную алею на выезд са сваіх катэджаў на цэнтральную вуліцу.

Цудоўная працавітая маладая сям’я шмат гадоў ваявала за сваю сядзібу, за магчымасць жыць на роднай зямлі, але безвынікова. Яны вынеслі пераслед уладаў, пабоі ад міліцыянтаў, не захацелі атрымаць капейкі нібы кампенсацыі, выдзеленыя мясцовай уладай, і не вярнулі дакумент аб праве валодання на 99 гадоў зямлёй на сядзібе. Гэты дакумент яны забралі з сабой у Амерыку, якая прытуліла іх, каб, калі прыйдзе новы час, вярнуцца ў родны кут.

Беларускае Радыё Рацыя