Амерыканскія беларусы адсвяткавалі 70-годдзе Задзіночання



13 кастрычніка адбылося святкаванне 70-х угодкаў Беларуска-Амерыканскага Задзіночання, старэйшай арганізацыі беларускай дыяспары ў Амерыцы. Ужо 70 гадоў сябры БАЗА годна прадстаўляюць беларускі народ у Амерыцы, захоўваюць і ўзбагачаюць сваю нацыянальную культуру, падтрымліваюць беларусаў на Бацькаўшчыне.

Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне было ўтворанае паваеннай хваляй беларускай эміграцыі 31 ліпеня 1947 года. Асноўнымі мэтамі было захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, уплыў на амерыканскіх палітыкаў з мэтай спрыяння дасягнення незалежнасці Беларусі, змаганне за дэмакратыю і правы чалавека на Бацькаўшчыне.

За сем дзесяцігоддзяў актывісты БАЗА правялі сотні культурніцкіх мерапрыемстваў і палітычных акцый, некалькі дзесяцігоддзяў арганізацыя выдае газету «БЕЛАРУС».

Святкаванне юбілею прайшло ў беларускім цэнтры пры саборы Св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне (Нью-Ёрк). Сябры БАЗА з’ехаліся з розных штатаў Амерыкі, дзе месцяцца аддзелы арганізацыі, як то Нью-Ёрк, Нью-Джэрсі, Пенсільванія, Вашынгтон (акруга Калумбія), Флорыда, каб разам адсвяткаваць юбілей задзіночання.

У святочнай праграме былі віншавальныя прамовы ад дзейнай старшыні Галоўнай управы БАЗА Наталлі Федарэнкі, і ад старшыняў аддзелаў, якія змаглі асабіста далучыцца да святкавання: Юрка Азарка (аддзел Нью-Джэрсі), Сяргей Кудзеліч (аддзел Нью-Ёрк), Андрэй Пушкароў (аддзел у Паўднёвай Фларыдзе).

Былі зачытаныя віншаванні ад розных сяброў і сяброўскіх арганізацыяў. З рэфератам «Гісторыя Беларуска-Амерыканскага Задзіночання» выступіў старшыня Парафіяльнай Рады сабору Св. Кірылы Тураўскага і адзін з найстарэйшых сябраў БАЗА – Расціслаў Гарошка.

Ганна Сурмач зрабіла прэзентацыю сваёй кнігі «Беларускі Нью-Ёрк», у якой падаюцца шматлікія цікавыя факты беларускай прысутнасці ў Нью-Ёрку і ваколіцах, да таго ж вялікая ўвага ў кнізе надаецца менавіта гісторыі Беларуска-Амерыканскага Задзіночання.

Заключнай часткай святочнай праграмы быў музычны канцэрт. Госці атрымалі асалоду ад выступаў Валянціны Пархоменкі (салісткі сямейнага трыа Казакоў), Сержука Сокалава-Воюша, а таксама Аляксанры Беляковіч.

novychas.by

Фота Сяргея Кудзеліча, Вадзіма Васільева, Эміліі Баркоўскай-Сьцяпанчук