Amnesty International занепакоена лёсам непаўналетняга асуджанага Мікіты Залатарова



Падчас расследавання і судовага разбору па крымінальнай справе непаўналетняга Мікіты Залатарова беларускія ўлады парушылі адразу некалькі артыкулаў Канвенцыі аб правах дзіцяці, а таксама яго права не зведваць катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання і на справядлівы судовы разбор, заявіла міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International.

22 лютага 17-гадовага Мікіту Залатарова прыгаварылі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі. Юнака абвінавацілі ў тым, што ён кінуў „кактэйль Молатава” пад ногі двум амапаўцам, і ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

Судовае слуханне па апеляцыі адбудзецца 23 красавіка.

Amnesty International адзначае, што беларускія ўлады „не правялі ніякага расследавання заяў Залатарова пра тое, што падчас затрымання і ўтрымання пад вартай яго збівалі электрашокавай дубінкай, а супрацоўнікі міліцыі дапытвалі яго без адваката або дарослага законнага прадстаўніка”.

Акрамя таго, падкрэслівае арганізацыя, Залатароў знаходзіўся ў папярэднім зняволенні больш за шэсць месяцаў і цяпер утрымліваецца ў адзіночнай камеры, што парушае ўсе стандарты ў галіне правоў чалавека, якія тычацца абыходжання з дзецьмі пад вартай. „Міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека з усёй пэўнасцю паказваюць, што ўжыванне адзіночнага зняволення ў дачыненні да непаўналетніх раўнасільнае катаванням”, — заяўляе Amnesty International.

Праваабаронцы таксама сцвярджаюць, што ні на адным этапе разгляду справы Залатарова не было зроблена спробаў знайсці альтэрнатыву ўтрыманню непаўналетняга пад вартай, усе апеляцыі яго адваката аб яго вызваленні з-пад варты да суда былі адхіленыя.

Amnesty International патрабуе ад уладаў неадкладна вызваліць Залатарова, не чакаючы разгляду яго апеляцыі, забяспечыць хуткае, незалежнае, бесстаронняе і эфектыўнае расследаванне сцвярджэнняў аб катаваннях і іншых відах жорсткага абыходжання, а таксама ў поўнай меры выконваць рэкамендацыі Камітэта ААН па правах дзіцяці, дадзеныя ім у Заключных заўвагах у 2020 годзе.

belapan.by