Амністыя для непаўнагадовых
Сёлета да ўсіх непаўнагадовых, а гэта 83 асобы, якія адбываюць турэмнае пакаранне за распаўсюд наркатычных рэчываў, будзе ўжытая амністыя, паведамляюць у Міністэрстве ўнутраных спраў. Нехта выйдзе на волю, а камусьці скароцяць тэрмін на два гады.
„У краіне досыць жорсткае антынаркатычнае заканадаўства, – кажа эксперт аб’яднання «Маці супраць наркотыкаў» Дыяна Ярмалюк, – таму кожную справу, асабліва непаўнагадовых, трэба разбіраць вельмі ўважліва”:
– Хтосьці можа казаць, што маё дзіця не ўжывае і гэта быў адзінкавы выпадак, а на самой справе дзіця ўжывала працягла. Вельмі доўга быў уцягнуты ў распаўсюд і сам распаўсюджваў, і на сёння мае малы ўзрост. Але ён можа быць ужо закаранелым і хлуслівым чалавекам, які гатовы на далейшыя злачынствы. А бываюць сітуацыі, дзе наадварот дзіця «трапіла», як мы кажам. Вось трапіў – «уляпаўся» па няведанні, па неасцярожнасці, па непаразуменні.
Тым не менш, нягледзячы на сур’ёзнасць пакарання, у краіне не зніжаецца колькасць злачынцаў сярод падлеткаў, звязаных з наркотыкамі.
Беларускае Радыё Рацыя