Анамальная спёка на Палессі б’е рэкорды мінулых гадоў
Медыкі заклікаюць жыхароў Пінска па магчымасці ўдзень устрымацца ад выхаду на вуліцу. Небяспечна адпачываць і каля вадаёмаў, бо ў такую спёку атрымаць цеплавы ўдар магчыма і на вадзе.
Болей чым у два разы ўзрасла колькасць гараджан, якія звяртаюцца ў Пінскую гарадскую цэнтральную паліклініку. Урач прыёмнага аддзялення Канстанцін Навіцкі нагадаў асноўныя прыкметы перагрэву чалавечага арганізма, калі неабходна звяртацца па медычную дапамогу:
– Гэта сур’ёзнае выпрабаванне. Колькасць зваротаў у медычныя ўстановы, у тым ліку ў наш шпіталь, павялічваецца. Памятайце, што такія сімптомы як млявасць, падвышэнне тэмпературы цела, зблытанасць свядомасці і іншыя сімптомы могуць быць прыкметамі цеплавога ўдару.
Супрацоўнікі Рэспубліканскага гідраметыяцэнтра абяцаюць, што на Піншчыне ў бліжэйшыя тры дні чакаецца дождж і навальніцы, але сама тэмпература ўдзень застанецца ў межах +30 – +35 градусаў.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота аўтара