Мінінфармацыі абвесціла папярэджанні тром рэгіянальным газетам (абноўлена)



“Беларуская асацыяцыя журналістаў” звязвае папярэджанні беларускім рэгіянальным выданням «Ганцавіцкі час», «Слонімская газета» і баранавіцкаму «Intex-Press» з набліжэннем прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Ва ўсіх выпадках папярэджанні тычацца дробных прыдзірак да выходных дадзеных, адзначае прэс-сакратар БАЖу Барыс Гарэцкі:

– Пад махавік рэпрасій, на жаль, трапляюць і журналісты, і сродкі масавай інфармацыі. Цяпер гэтыя выданні, якія атрымалі папярэджанні, фактычна знаходзяцца ў падвешанным стане, таму што пры атрыманні яшчэ аднаго папярэджання цягам года, а як мы бачым, яно можа быць вынесена за надуманыя парушэнні, гэтыя выданні проста могуць быць зачыненыя праз суд, то бок выданню трэба атрымаць яшчэ адно папярэджанне і яно фактычна можа быць скасаванае.

Як ўжо паведамлялася, «Газета Слонімская» атрымала папярэджанне за тое, што ў двух лютаўскіх нумарах у выданні нібыта не быў паказаны наклад газеты. Гэтую інфармацыю абверг галоўны рэдактар Віктар Валадашчук. Рэдакцыю газеты «Intex-Press» у Баранавічах абвінавацілі ў парушэнні заканадаўства на падставе скарачэння слоў «РБ» замест «Рэспубліка Беларусь». Аналагічныя прэтэнзіі Міністэрства інфармацыі вылучыла і рэгіянальнай газеце «Ганцавіцкі час». Усе рэдактары гэтых выданняў збіраюцца абскарджваць папярэджанні ў судзе.

* * *

Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанні адразу тром незалежным рэгіянальным выданням. Ва ўсіх выпадках папярэджанні датычацца дробных прыдзірак у выходных дадзеных. Папярэджанне аб парушэнні закона «Аб СМІ» атрымала ў прыватнасці «Газета Слонімская» за тое, што ў двух лютаўскіх нумарах у выданні нібыта не быў паказаны наклад газеты. Яе галоўны рэдактар Віктар Валадашчук шукаў на старонках сваіх газет, што магло б паслужыць сапраўднай прычынай для папярэджання, але так і не знайшоў:

– Калі мне прынеслі ў пятніцу ліст са зваротным адрасам Міністэрства інфармацыі, я быў вельмі здзіўлены, што на падставе гэтага было вынесена папярэджанне, што я не ўказаў наклад газеты. Калі лічба накладу заўсёды стаіць на першай старонцы. Пагартаў уважліва гэтыя нумары, не ўбачыў там нейкіх асабліва вострых, крытычных матэрыялаў у бок існуючай улады, каб на падставе гэтага было вынесена папярэджанне. Хіба там у адных з нумароў была справаздача з круглага стала з удзелам палітыка Лябедзькі і эканаміста Багданкевіча. Інакш не знаходжу ніякай прычыны.

Папярэджанні атрымалі яшчэ два рэгіянальныя выданні: баранавіцкі «Intex-Press» і «Ганцавіцкі час». Рэдакцыю газеты «Intex-Press» у Баранавічах абвінавачваюць у парушэнні заканадаўства на падставе скарачэння слоў – «РБ» замест «Рэспубліка Беларусь» – у выходных дадзеных выдання. Аналагічныя прэтэнзіі Міністэрства інфармацыі вылучыла і рэгіянальнай газеце «Ганцавіцкі час».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Рэдакцыя „Газеты Слонімскай” атрымала папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі за подпісам Ліліі Ананіч.

Прыватнае ўнітарнае прадпрыемства рэдакцыі газеты “Газета Слонімская” абвінавачваюць у тым, што ў нумарах ад 11 і 18 лютага 2015 года не быў надрукаваны наклад газеты. Такім чынам, як лічыць спадарыня Ананіч, рэдакцыя парушыла артыкул 22 Закона “Аб СМІ”, дзе напісана, што трэба паведамляць наклад у выходных дадзеных. Але па словах галоўнага рэдактара газеты Віктара Валадашчука, наклад газеты заўсёды паведамляецца на першай старонцы выдання, у тым ліку ён быў напісаны і ў тых нумарах, пра якія прыгадвае спадарыня Ананіч.

Нагадаем, што пасля двух папярэжанняў на працягу года выданне ў Беларусі можа быць закрыта.

6F294B4007C356CD976B26D6B08C6A0E1EC515E4A79C348005pimgpsh_fullsize_distr

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім.