Анархіст Андрэй Марач асуджаны на пяць сутак
Чарговы прысуд у Берасці. Андрэй Марач асуджаны на пяць сутак адміністрацыйнага арышту. Справу разглядаў суд Ленінскага раёна Берасця. Хлопца затрымалі ў чацьвер 9-га сакавіка, калі ён перадаваў перадачу сваім паплечнікам-анархістам, якія адбываюць пакаранне ў ізалятары часовага ўтрымання.
Марача, як і яго сяброў, абвінавацілі ва ўдзеле ў “Маршы недармаедаў”, які адбыўся ў горадзе 5-га сакавіка. Хлопец не адмаўляўся ад удзелу:
– Міліцыянт, які мяне ўчора дапытваў і прапаноўваў супрацоўнічаць, сказаў, што калі я каму-небудзь прагаваруся, то мне будзе кепска. Учора сказалі, што мяне затрымалі, каб не было нічога падобнага да Майдану.
Разглядаў справу суддзя Алег Міранюк. Паводле праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, суддзя аказваў ціск на ўсіх прысутных, а таксама на падсуднага, прымушаючы яго падпісаць прызнанне. Падчас акцыі ў Берасці пятага сакавіка, анархісты ішлі наперадзе “Маршу недармаедаў”.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара