Анархіста Мікіту Емяльянава не выпусцілі з карцару і праз 30 дзён
Пасля 30 дзён у карцары Мікіта Емяльянаў адтуль не выйшаў. Яму дадалі яшчэ трое сутак за міжкамерную сувязь, паведамляюць праваабаронцы.

На Емяльянава складзена больш за 60 пратаколаў за парушэнне рэжыму. Але сам Мікіта раней тлумачыў, што рэжым парушаў на знак пратэсту пастаяннага парушэння яго правоў адміністрацыяй турмы. У дачыненні да яго распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 411 КК РБ. Такім чынам, Емяльянаву пагражае яшчэ да 2 гадоў пазбаўлення волі. Ад паказанняў у якасці падазраванага Емяльянаў адмовіўся.
Порцыі ежы пасля пратэставай галадоўкі з-за іх змяншэння былі павялічаныя, але да гэтага часу не адпавядаюць нарматывам. Напрыклад, колькасць бульбы і яек значна меншая за норму. Так, зняволены павінен атрымоўваць чатыры курыныя яйкі на тыдзень, але адміністрацыя турмы выдае толькі адно-два, адзначаюць праваабаронцы «Вясны».
Праз гэта Мікіта быў запісаны на прыём да начальніка медчасткі турмы з заявай на атрыманне ад родных медыцынскай пасылкі да 50 кг, дзе сярод іншага можна дасылаць і ежу. Палітвязень аргументаваў неабходнасць атрымання пасылкі тым, што падчас доўгага знаходжання ў ШІЗА, а таксама праз галадоўку ў яго пагоршылася здароўе, і яму трэба добра сілкавацца, што не дазваляе ў адпаведным памеры турэмнае харчаванне. Але ў атрыманні такой пасылкі Емяльянаву было адмоўлена ўжо другі раз. У медыцынскай перадачы Емяльянаву таксама было адмоўлена.
Нагадаем, анархіста Мікіту Емяльянава асудзілі да чатырох гадоў калоніі. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала анархіста палітычным зняволеным і выступіла з патрабаваннем неадкладнага перагляду яго прысуду.
