Анархіста Мікіту Емяльянава зноў кінулі ў штрафны ізалятар
Анархіста Мікіту Емяльянава зноў кінулі ў штрафны ізалятар. Агулам ён прабудзе там 30 дзён. 17 лістапада, праз тыдзень пасля выхаду з ШЫЗА, палітвязню зноў вынеслі спагнанне ў 10 сутак за тое, што ён адмовіўся выканаць патрабаванне адміністрацыі прыбраць дворык для шпацыру, піша “Вясна”. Пасля гэтага на палітзняволенага было накладзенае яшчэ адно спагнанне ў выглядзе 10 дзён ШЫЗА за тое, што ён ляжаў на падлозе ў камеры ізалятара. А 7 снежня Емяльянаву прызначылі яшчэ 10 сутак у ізалятары “за міжкамерную сувязь”. Таксама Мікіта заўважыў, што порцыі ежы ў турме зрабілі значна меншымі. Калі Емяльянаў папрасіў паболей ежы, то атрымаў адмову. Тады на знак пратэсту палітзняволены аб’явіў галадоўку і нічога ня еў пяць з паловай дзён. 7 снежня хлопец ужо павячэраў, але порцыі ежы дагэтуль выдаюць маленькія.
Мікіта Емяльянаў асуджаны на чатыры гады зняволення за напад на будынак СІЗА і Менскага гарадскога суда.