Анатоль Каханчык адмаўляецца перафарбаваць сваю бел-чырвона-белую хату



Хата незвычайнай расфарбоўкі – тры  паласы ў колерах нацыянальнага сцяга на блакітным фоне – месціцца ў вёсцы Алёшча Полацкага раёна.

За 5 кіламетраў адсюль – расейская мяжа, і гаспадар хаты Анатоль Каханчык распавядае, што яму часта сігналяць  машыністы цягнікоў, праязджаючы міма. Рэйкі праходзяць літаральна за 10 метраў ад ягонай хаты, і сам спадар Анатоль 38 год адпрацаваў на чыгунцы. Аднак на мінулым тыдні яго звольнілі – якраз пасля арышту, які  Анатолю Каханчыку давялося адбыць  за парушэнне адміністрацыйнага артыкула 23.34: расфарбоўку хаты міліцыянты кваліфікавалі як несанкцыянаванае пікетаванне. З міліцыі ён атрымаў і папярэджанне, што будзе новы пратакол, калі хату не перафарбаваць. Але рабіць гэта гаспадар адмаўляецца:

– Гэта мая краіна, мая хата і мой сцяг. Чаму я павінны нешта зафарбоўваць? Перафарбоўваць я нічога не буду. Казалі: “Мы зноў да цябе прыедзем і зноўку пратакол напішам”.  Ды калі ласка, прыязджайце! Сказалі: “Мы самі зафарбуем”. Кажу: “Калі вы зафарбуеце, я зноў усё аднаўлю. А каб яна была зафарбаваная, вам давядзецца трымаць мяне за кратамі.

 

 Анатоль Каханчык – даўні сябар Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ. Бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня аздабляюць інтэр’ер ягонай хаты і знутры. На судзе ён заявіў, што адданы нацыянальнаму сцягу яшчэ і з рэлігійных перакананняў, бо белы і чырвоны колеры ўвасабляюць цела і кроў Хрыста. А Пагоню, якая вісіць на акне, Анатоль Каханчык намаляваў сам. І кажа, што ні разу не чуў ад аднавяскоўцаў нараканняў  на “недазволеную сімволіку”.

 Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск