У Менску судзяць арганізатараў пікету ля будынку КДБ (абноўлена)
У судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаліся суды над арганізатарамі пікету памяці ахвяраў камуністычнага рэжыму, які прайшоў каля будынку КДБ 7-га лістапада.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька аштрафаваны на 50 базавых велічынь – гэта 1050 рублёў. Разгляд справаў Віталя Рымашэўскага і Юрася Губарэвіча адкладзены.
Юрась Губарэвіч заявіў суддзі Вікторыі Шабуні адвод, які, аднак, не быў задаволены. Тым не менш, высветлілася, што міліцэйскія пратаколы адносна Губарэвіча складзены з памылкамі, і суддзя адправіла іх на дапрацоўку:
– У працэсе высветлілася, што ёсць хібы ў пратаколе. РАУС Цэнтральнага раёна даслаў справу, складзеную з пазначэннем, што адказнасць мусіць наступіць паводле ч.2 артыкула “За парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах”. Хоць у маёй сітуацыі мінула ўжо больш за год з моманту, калі я меў папярэдне такое судовае спагнанне. Таму справа была накіравана на дапрацоўку.
Па словах Юрася Губарэвіча, далейшае прадказаць нескладана. Памылкі будуць выпраўленыя, і суд прызначыць яму штраф. У Беларусі працягвае існаваць заганная практыка, калі масавыя мерапрыемствы апазіцыі татальна не дазваляюцца ўладамі. А спробы выйсці і прадэманстраваць сваю грамадзянскую пазіцыю натыкаюцца на міліцэйскія пратаколы і на суды. Судовы канвеер працуе. З грамадзян спаганяюць вялікія штрафы, папаўняючы дзяржаўны бюджэт за кошт грамадзянаў, якія маюць адрозныя ад кіруючай лініі меркаванні аб падзеях у Беларусі.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Наша Ніва
* * *
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька аштрафаваны судом Цэнтральнага раёна Менска на 50 базавых велічынь (1.050 рублёў) за ўдзел у акцыі ў памяць ахвяр савецкіх рэпрэсій, якая адбылася 7 лістапада насупраць будынка КДБ у Менску.
Такое рашэнне 28 лістапада вынесла суддзя Алена Шабуня, паведаміў БелаПАН Лябедзька.
Паводле слоў палітыка, у зале суда быў праведзены перформанс: некалькі чалавек паднялі каляровыя шыльды з вынікамі апытання, якое праводзілася на сайце Вярхоўнага суда і паказала вельмі нізкі ўзровень даверу да судовай сістэмы Беларусі.
„Шабуня моўчкі выслухала жорсткія словы пра недавер суддзі, я звярнуў увагу, што судовая сістэма ператварылася ў інструмент уціску іншадумства, як у сталінскія часы”, — распавёў ён.
Суд, адзначыў Лябедзька, прайшоў прагназавана. „Я спачатку сказаў, што рашэнне ўжо ёсць у камп’ютары, будзе 50 базавых. Так яно і адбылося”, — адзначыў ён.
Сёння таксама ў судзе Цэнтральнага раёна Менска адбудзецца разгляд адміністрацыйных спраў у дачыненні да яшчэ двух удзельнікаў акцыі — сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталя Рымашэўскага і старшыні руху „За Свабоду” Юрася Губарэвіча.
Акцыя 7 лістапада працягвалася паўгадзіны. Яе ўдзельнікі (каля 20 чалавек) стаялі на прыступках будынка КДБ з лампадамі і партрэтамі ахвяраў савецкіх рэпрэсій і зніклых палітыкаў.