Анатоль Лябедзька: За чый кошт банкет?



Палітык і спартовы заўзятар Анатоль Лябедзька хоча даведацца, хто фінансуе прэзідэнцкі хакейны турнір.

Анатоль Лябедзька: Да гэтага турніру я, безумоўна, стаўлюся, як і ўсё прагрэсіўнае чалавецтва – з захапленнем. І я проста ўлюблёны ў беларускага кіраўніка, які славіць айчынны хакей на фоне пастаянных паразаў менскага «Дынама» і на фоне дзясяткаў пабудаваных лядовых палацаў. Таму турнір – гэта адзінае, што сёння можа суцяшаць беларусаў. А інакш наогул – трагедыя.

Калі ж сур’ёзна, то гэтыя турніры – марнатраўства сродкаў, і я планую ў бліжэйшы час накіраваць у Міністэрства спорту і турызму запыт, каб мне адказалі: за чый кошт банкет? Таму што прывезці 11 каманд – гэта абыходзіцца ў капейку.

Была інфармацыя, што раней для ўдзельнікаў мерапрыемства прадугледжвалі грашовыя ўзнагароджанні, я і не думаю, што ад гэтай практыкі адышлі, бо навошта некаму ехаць у Беларусь гуляць у хакей за свой кошт? Калі не за свой, значыцца за кошт беларускага падаткаплацельшчыка.

РР: Нават калі ёсць вольныя грошы, то ім можна было б знайсці больш нармальнае прымяненне…

Анатоль Лябедзька: Безумоўна, бо ўлада няправільна расстаўляе прыярытэты. Краіна ўпэўнена ідзе ў тупік, а ў нас робяць выгляд, што ў Беларусі няма праблем. Што вырашаны пытанні па газе, нафце, і што нармальная сітуацыя, калі краіна купляе газ па 127 даляраў, а грамадзяне плацяць па 200. Для ўлады гэта – нармальна, бо яны знаходзяцца на дзяржаўным утрыманні. І для іх, напэўна, хакей – больш важная падзея. Сумна, калі пір адбываецца падчас чумы.

РР: Чаму вы вырашылі зрабіць запыт у Мінспорта?

Анатоль Лябедзька: Таму што хочацца ўбачыць поўную фінансавую справаздачу па арганізацыі такога турніру, і мне цікава, што адкажуць. Калі гэта спонсарскія грошы, то няхай агучаць спонсараў. Але ж сярод арганізатараў значацца і тое ж Міністэрства спорту, і Менгарвыканкам… Няхай патлумачаць, які іх уклад у турнір.

У нас ужо была сітуацыя, калі грамадству казалі, што шыкоўны будынак Вярхоўнага Суда пабудавалі ў асноўным за кошт спонсарскіх грошай, а затым аказалася, што пераважна за кошт бюджэту.

Таму, калі вы ўжо сабраліся ладзіць банкеты, то рабіце гэта за ўласныя сродкі. І ў любым выпадку трымайце справаздачу перад людзьмі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя