Анатоль Лябедзька завітаў у Гародню падтрымаць кандыдатаў



На пікет гарадзенскіх кандыдатаў ад правацэнтрысцкай кааліцыі, якія амаль штодня ладзяць акцыі ў падтрымку кандыдатаў, якія вылучаюцца ў гарсавет, завітаў кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

Многа людзей, якія даюць бясплатныя парады: не трэба ісці, трэба ігнараваць, не трэба ўдзельнічаць. Я не падтрымліваю такой пазіцыі, бо далёка не ўсе з’яўляюцца слухачамі Радыё Рацыя, Еўрарадыё, Свабоды, не ўсе выпісваюць «Народную волю», «Свабодныя навіны» ці глядзяць «Белсат». Трэба прызнаць, што велічэзная колькасць людзей не прысутнічае ў сацыяльных сетках. Ёсць такія, якія прысутнічаюць, але яны не зяўляюцца карыстальнікамі грамадска-палітычных сайтаў. Хто будзе з гэтымі людзьмі размаўляць? Яны нашы грамадзяне, падаткаплацельшчыкі. І такія пікеты вельмі важныя.

На думку аднаго з гарадзенскіх кандыдатаў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міколы Саляніка, гарадзенцы вельмі добра ўспрымаюць вулічныя акцыі:

– Дзякуй людзям. Практычна 99,9% людзей падтрымліваюць. І што самае цікавае – розны ўзроставы склад, і гэта сведчыць пра тое, што людзі чакаюць перамен, яны хочуць бачыць новую Беларусь. Таму нармальна ставяцца да гэтага, нават пытаюцца, адкуль у нас такая смеласць і ўпэўненасць. Ды таму, што надакучыла цярпець і замоўчваць пытанні, якія не вырашаюцца.

Акцыі АГП і БХД у Гародні будуць адбывацца штодня, каб паказаць гарадзенцам альтэрнатыву ў беларускай палітыцы.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня