Анатоль Міхайлаў пакінуў пасаду прэзідэнта ЕГУ



Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) паведамляе, што Анатоль Міхайлаў 5 студзеня пакінуў пасаду прэзідэнта ВНУ.

Адначасова з задавальненнем прашэння пра адстаўку агульны сход саўладальнікаў універсітэта вырашыў скасаваць пазіцыю прэзідэнта ЕГУ, гаворыцца на сайце ВНУ.

Прафесар Міхайлаў быў ініцыятарам стварэння ЕГУ ў Менску, натхнёны мадэллю заходняга ўніверсітэта. З 1992 па 2014 гады ён працаваў першым рэктарам універсітэта. З 1 кастрычніка 2014 года займаў пасаду прэзідэнта ЕГУ.

„Ніколі не мог сабе ўявіць у далёкім 1992 годзе, што знаходжанне на нязвыклай для мяне адміністрацыйнай пасадзе можа зацягнуцца на такі працяглы тэрмін, — расказаў Міхайлаў. — Мой першы настойлівы зварот аб адстаўцы з пасады рэктара меў месца ў 2001 годзе, калі я адчуў цяжар захавання гэтага нязвыклага праекта ў вельмі неспрыяльных умовах. У той час, аднак, было цяжка прадбачыць увесь драматызм аднаўлення і існавання ЕГУ ў выгнанні. Магу толькі адзначыць, што кожны раз узнікалі абставіны, якія прадвызначалі мае паводзіны ў дачыненні да праекта”.

Паводле яго слоў, цяпер, калі адбываецца чарговы этап трансфармацыі ўніверсітэта і яго праграм, наступіў найбольш спрыяльны момант для рашэння пакінуць пасаду прэзідэнта. „Упэўнены, што патэнцыйныя магчымасці нашага праекта далёка не вычарпаныя ў эпоху новых выклікаў, з якімі сутыкаецца сучасная гуманітарная адукацыя”, — дадаў Міхайлаў.

Дзейны рэктар ВНУ Сяргей Ігнатаў выказаў удзячнасць і падзяку заснавальніку ўніверсітэта „за прысвячэнне сябе станаўленню ЕГУ”: „З глыбокай павагай я прызнаю выбітны ўнёсак Анатоля Арсеньевіча ў развіццё ўніверсітэта і той значны ўплыў, які ён зрабіў на лёс тысячаў людзей розных узростаў у Беларусі, Літве і ўсім свеце. Дзякуючы Анатолю Арсеньевічу і яго тонкаму філасофскаму гумару, ва ўніверсітэце сфармавалася асаблівая атмасфера сапраўднага еўрапейскага інтэлектуальнага жыцця; усведамленне гэтага будзе падтрымліваць нас і спрыяць развіццю нашага агульнага праекта”.

Міхайлаў працягне выкладанне і даследчую дзейнасць у ЕГУ ў якасці прафесара філасофіі. Сярод сфер яго навуковых інтарэсаў — фенаменалогія, герменеўтыка і філасофія адукацыі.

У 1966 годзе Міхайлаў атрымаў ступень доктара філасофіі ў Енскім універсітэце імя Фрыдрыха Шылера (Германія). Член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Еўрапейскай акадэміі навук і мастацтваў.

У 2003 годзе быў удастоены ступені афіцэра ордэна Акадэмічных пальмаў Францыі, у 2004 годзе — прэстыжнай узнагароды Германіі — медаля Гётэ, у 2007 годзе яму прысудзілі дэмакратычную прэмію амерыканскага Фонду імя Іона Раціу, а ў 2008-м — узнагародзілі камандорскім крыжам ордэна „За заслугі перад Літвой”. У 2019 годзе Міхайлаў стаў ганаровым доктарам Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.І.Герцэна.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе, а ў 2004-м — закрыты беларускімі ўладамі з ідэалагічных прычын. Праз год ВНУ аднавіла працу ў Вільнюсе. Афіцыйна з’яўляецца літоўскай ВНУ, але мае нефармальны статус беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. Фінансуецца кааліцыяй міжнародных донараў. Пасля вымушанага пераезду ЕГУ ў Вільню выпускнікамі ўніверсітэта сталі 2.577 чалавек, абсалютная большасць з іх — грамадзяне Беларусі.

belapan.by