Анатоль Мышкевіч: Улады хаваюць інфармацыю
Грамадскі актывіст Анатоль Мышкевіч звярнуўся ў гарадскі Савет народных дэпутатаў з прапановай весці анлайн-трансляцыі пасяджэнняў Савета народных дэпутатаў.
Пра сваю ініцыятыву распавядае Анатоль Мышкевіч:
– Артыкул 34 гарантуе ўсім грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на атрыманне і захоўванне інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў. Я звярнуўся да старшыні гарадзенскага гарвыканкама і старшыні гарадзенскага Савета дэпутатаў з просьбай арганізаваць онлайн-трансляцыі пасяджэнняў, а таксама, каб запісы гэтых пасяджэнняў захоўваліся ў адкрытым доступе на сайце гарвыканкама.
На думку Анатоля Мышкевіча, гарадскія ўлады хаваюць інфармацыю:
– Гэта ўсё павінна быць адкрыта. У Беларусі гэта ўсё вельмі схавана, зроблена так, каб людзі пра гэта нічога не ведалі. Мяне гэта не задавальняе, я думаю так жа, як і многія жыхары нашага горада і краіны.
Адказ на зварот актывіста гарадскія ўлады павінны даць цягам бліжэйшага тыдня.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня