Анатоль Паўлаў: Хто ў школах і ВНУ працаваць будзе – АМАПаўцы?
Былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў распавядае пра тое, чаму ў Беларусі зніжаецца якасць адукацыі.
Лукашэнка загадаў, каб настаўнікі, якія не прытрымліваюцца дзяржаўнай ідэалогіі, у школах не працавалі.
Анатоль Паўлаў: Хацелася б найперш запытацца: а якая ў Беларусі ідэалогія? Асабістая адданасць кіраўніку краіны? Дык гэта не ідэалогія, а сляпая паслухмянасць. Тады не трэба народу лапшыны на вушы вешаць, што ў краіне бязмерная свабода і дэмакратыя. Якая ж тут дэмакратыя, калі чалавеку рот затыкаюць, калі ён хоча сказаць праўду? Таму я б хацеў нашай уладзе нагадаць словы Вальтэра, які сказаў так: “Я не падзяляю ваша меркаванне, але гатовы жыццё аддаць за тое, каб вы мелі права яго выказаць”. Можа быць, прыслухаюцца.
РР: Каронавірус паказаў крызіс беларускай адукацыі, а пасля выбараў рэпутацыя педагогаў увогуле знізілася практычная да нулявой адзнакі. Ці згодны вы з гэтым?
Анатоль Паўлаў: У нас крызіс у адукацыі працягваецца ўжо вельмі даўно – ён быў яшчэ да пандэміі. Таму што, на жаль, самыя лепшыя кадры разбягаюцца хто куды. А гэта не можа не сказвацца на агульнай сітуацыі ў адукацыі.
Вы ж паглядзіце, што ў школах сёння не хапае кадраў, настаўнікаў у Інтэрнэце па абвестках шукаюць. Сумленныя самі сыходзяць альбо іх выганяюць за грамадзянскую пазіцыю. А хто працаваць будзе – АМАПаўцы? Яны могуць толькі палкамі махаць, а таму вучыць могуць толькі такім метадам.
Я ведаю, што сёння многія маладыя педагогі заяўляюць: калі нічога не зменіцца, то працаваць тут не будзем. І сыходзяць у прыватныя ўстановы, з’язджаюць у тую ж Расею, Украіну, Еўропу. Пенсіянараў ўгаворваюць, каб тыя яшчэ папрацавалі.
Калі застаюцца не самыя лепшыя кадры, то ў выніку гэта скажацца на якасці адукацыі. І ўжо сказалася.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя