Анатоль Паўлаў: Рэйтынгі – гэта не паказчык
Былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў распавядае, ці варта ганарыцца беларускаму ўніверсітэту 301-м месцам сярод лепшых ВНУ Еўропы.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ) стаў адзіным ВНУ краіны, які патрапіў у рэйтынг лепшых ВНУ Еўропы. Усяго ў гэты рэйтынг, які склала выданне Times Higher Education, увайшлі 400 вышэйшых навучальных устаноў.
Анатоль Паўлаў: У савецкія часы БДУ ўваходзіў у Топ-5 лепшых ВНУ Саюза, і гэта быў датстакова высокі паказчык. Памятаю, у 90-я гады у Мінск прыязджаў рэктар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Садоўнічы, і ён тады казаў, што, па яго ацэнках, БДУ уваходзіў у еўрапейскую дваццатку. Таму сёння вельмі ўжо ганарыцца 301-м месцам я б не стаў. Асабліва з улікам таго, калі ведаеш сапраўдны стан спраў ва ўніверсітэце.
РР: На ваш погляд, па якіх крытэрыяў вызначаўся рэйтынг лепшых еўрапейскіх ВНУ?
Анатоль Паўлаў: Напрыклад, бралі колькасць студэнтаў, суадносіны студэнтаў і прафесарска-выкладчыцкага складу, наяўнасць навуковай базы. Для ўсіх без выключэння ўніверсітэтаў абавязковым крытэрыем таксама з’яўляецца наяўнасць пэўнай колькасці тамоў навуковай і вучэбнай літаратуры ў бібліятэцы. Калі зыходзіць з гэтага, то фармальна БДУ можна ўключаць ў топавы рэйтынг. Але ж трэба глядзець і на тое, што сёння ў ВНУ робіцца ўнутры. А сітуацыя такая, што ёсць выпадкі, калі лепшыя студэнты сыходзяць, некаторыя з’язджаюць за мяжу альбо разыходзяцца па розных фірмах. У аспірантуру многія таксама ідуць не таму, што гэта з’яўляецца трамплінам для навуковай кар’еры, а каб яшчэ тры гады “пакантавацца” і за гэты час знайсці ў сталіцы больш-менш прыстойную працу. Вось з Кембрыджа, напрыклад, студэнты ж не збягаюць. Таму рэйтынгі – гэта не паказчык.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя