Анатоль Паўлаў: Са студэнтамі трэба размаўляць



Пра акцыі пратэсту студэнтаў і пра тое, ці апраўдвае Беларусь выдадзены ёй аванс у выглядзе Балонскага працэсу, распавядае былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў.

Не так даўно ў сталіцы прайшлі нешматлікія акцыі пратэсту студэнтаў, якія выступалі супраць увядзення аплаты за пераздачу экзаменаў.

Ініцыятары студэнцкіх пратэстаў «карыстаюцца нашай інтэлігентнасцю, нашым спакойным рэагаваннем на розныя выпады», заявіў затым міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.

«Можа, нам трэба быць больш агрэсіўнымі», — дадаў ён.

Анатоль Паўлаў: Апошнія падзеі са студэнтамі паказваюць, што, відаць, яшчэ рана было прымаць Беларусь у Балонскі працэс. Са студэнтамі, як і з усімі іншымі, трэба размаўляць і тлумачыць пазіцыю. Я ніколі не чакаў, што зараз, калі студэнты вылучылі патрабаванні, універсітэт павядзе сябе гэтак жа, як уладная “вертыкаль”. Бо нават у сярэднявеччы навучальныя ўстановы былі астравамі іншай думкі. Мне ніяк не зразумець, калі рэктар спачатку прызначае сустрэчу са студэнтамі, а потым яе адмяняе. У свой час я стажыраваўся ў Францыі і пабачыў, што там у інтэрнатах вельмі жорсткая эканомія. Напрыклад, калі ў старых інтэрнатах няма лічыльніка электраэнергіі ў пакоі, то дазваляюць толькі настольную лямпу і звычайнае святло. Тэлевізары і камп’ютары — забароненыя. А ў новых памяшканнях стаяць лічыльнікі – там плаці сам. Дык вось я, калі вярнуўся дадому, вырашыў перанесці гэты французскі досвед на нашую рэальнасць. Быў выдадзены загад, што з кожнага пакоя ў інтэрнаце трэба збіраць грошы хаця б на адзін талон за электраэнергію. Студэнты, натуральна, засталіся незадаволенымі. Але мы сабралі актыў усіх інтэрнатаў і «па палічках» патлумачылі сваю пазіцыю. Усе пытанні адразу зняліся, пасля сустрэчы ў нас нават аўтографы бралі. Таму з людзьмі трэба размаўляць і ўмець слухаць.

РР: Студэнты яшчэ да пратэстнага шэсця сабралі каля 2,5 тысяч подпісаў супраць аплаты за пераздачу…

Анатоль Паўлаў: Тым больш, варта было прыслухацца кіраўніцтвам усіх ВНУ. У вас жа ёсць юрыдычныя аддзелы, адпрацуйце сур’ёзнае пытанне перш чым яго выносіць на савет ВНУ. І патлумачце, чаму насуперак Закону аб адукацыі ў нас сёння больш за 70 адсоткаў платных студэнтаў. Чаму не пайсці на кантакт з імі? А то дзікунства нейкае – закрываюць ўваход у двор БДУ, каб студэнты не прайшлі! Правільна, гэта ж прасцей. Замест таго, каб зладзіць дыялог. І гэта, натуральна, выглядае вельмі прыкра ў разрэзе таго, што краіну не так даўно прынялі ў Балонскі працэс. Бо асноўны пасыл гэтага працэсу – гэта акадэмічныя свабоды, якія ў канкрэтным выпадку былі парушаныя.

 Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя