Анатоль Паўлаў: Сапраўдны рэктар ніколі не здасць свайго студэнта
Экс-прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў выказаўся пра тое, як падчас і пасля выбараў некаторыя педагогі апусцілі свой аўтарытэт сярод студэнтаў ніжэй плінтуса.
Анатоль Паўлаў: Я бачыў, як некаторыя выкладчыкі ВНУ стаялі сцяной за сваіх студэнтаў, але, на жаль, убачыў і шмат нізкіх учынкаў. Памятаеце, як у Мінскім лінгвістычным універсітэце выклікалі АМАП, каб сілавікі забралі студэнтаў? Гэта жах!
Паспрабаваў бы нейкі паліцэйскі ў Францыі зайсці на тэрыторыю ўніверсітэта. Там гэтая тэрыторыя – табу для ўсіх сілавікоў. А ў нас кіраўніцтва ВНУ само запрашала АМАП, каб тыя збівалі студэнтаў.
РР: У вашы часы такіх выпадкаў не было?
Анатоль Паўлаў: Я ўспамінаю, што ў 1996 годзе студэнты таксама актыўна далучаліся да вулічных акцый пратэсту, з БДУ на акцыі хадзілі цэлыя факультэты. Была бойка з міліцыяй у Менску, КДБэшнікі ўсё гэта здымалі на камеру. Натуральна, павінен быў адрэдагаваць удзел студэнтаў у акцыі і рэктарат БДУ. Нас – прарэктараў, дэканаў – сабралі ў кабінеце рэктара Фёдара Мікалаевіча Капуцкага, сілавікі нам круцілі фільм і пыталіся, ці пазнаем мы там сваіх студэнтаў. І мы нікога не пазналі! Ды і КДБісты, відаць, зразумелі, што нікога не здадзім.
А вы паглядзіце, што зараз творыцца! Не можаце абараніць сваіх навучэнцаў, дык самі пакіньце пасаду. Гэта не ваша месца. Сапраўдны рэктар ніколі не здасць свайго студэнта. А калі вы прыйшлі на цёплае месца і добры аклад, то не туды патрапілі. І, шчыра скажу, мне сёння на многіх педагогаў проста сорамна глядзець.
РР: А ім, на ваш погляд, ці сорамна глядзець сваім вучням і студэнтам у вочы?
Анатоль Паўлаў: На жаль, за апошнія гады ў педагагічнай сферы адбылася сур’ёзная трансфармацыя кадраў. Раней быў вельмі жорсткі прафесійны адбор, высокія пасады ў ВНУ займалі лепшыя вучоныя, якія былі добра вядомыя ў гэтым ВНУ. Яны перажывалі за сваю навучальную ўстанову ўсёй душой.
А гэтыя дзеячы што скажуць сваім студэнтам, унукам і праўнукам? Бо ўсё роўна не сёння дык заўтра, але сітуацыя ў краіне зменіцца. Скажуць, што іх прымусілі так паступаць? Прабачце, але сумленнем не гандлююць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя