Анатоль Паўлаў: Ужо не ведаюць, у які бок кідацца



Былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў пракаментаваў чарговыя рэформы ў сістэме адукацыі.

Міністэрства адукацыі анансавала чарговае новаўвядзенне – аб усеагульнай сярэдняй адукацыі. Згодна з планамі чыноўнікаў, у будучым беларускія школьнікі абавязкова павінны будуць вучыцца да 11 класа, а не толькі да 9-га. Зараз гэтая ініцыятыва абмяркоўваецца ў парламенце.

Анатоль Паўлаў: Дзеянні сучасных чыноўнікаў ад адукацыі часам наогул цяжка зразумець. Кожны год нешта прыдумляюць, ужо не ведаюць, у які бок кідацца, каб паказаць сваю працу. А вялікага эфекту, як аказваецца праз некалькі год, няма. І тады ізноў прыдумляюць нешта новае.

Калі яшчэ Аляксандр Казулін быў намеснікам міністра адукацыі, сем гадоў ішла рэформа школы. Наша сістэма адукацыі падводзілася пад еўрапейскія стандарты. А затым усё гэта перакрэслілі, і зараз пачынаюць клапаціцца пра школьную адукацыю, якая ад гэтых “рэформаў” ужо не знаходзіць сабе месца і спакою.

РР: Гэтыя рэформы адукацыі нагадваюць апошнім часам нейкі бясконцы працэс…

Анатоль Паўлаў: Гэта не рэформы, а псеўдарэформы, ад якіх церпяць і дзеці, і настаўнікі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота molnet.ru