Анатоль Шумчанка: Трэба дабівацца, каб нас чулі
Старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка распавёў, якой мэты хочуць дасягнуць прадпрымальнікі падчас сёняшняй акцыі.
Палітык Мікола Статкевіч і кіраўнік РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка заклікалі прадпрымальнікаў прыйсці 14 сакавіка а 13-й гадзіне да Міністэрства па падатках і зборах каля Дома ўрада, каб заявіць пра сваю нязгоду з Указам №222 (увядзенне абавязковай сертыфікацыі).
Раней яны падавалі заяўку на правядзенне Маршу прадпрымальнікаў, але гарадскія ўлады не дазволілі мерапрыемства.
Анатоль Шумчанка: Сёняшняй акцыяй мы хочам прадэманстраваць, што большасць прадпрымальнікаў не згодныя з нормамі Указа N222 і патрабуюць, каб яны былі адменены, бо зараз могуць “пакінуць без штаноў” любога ІП-эшніка. Таму хочам перадаць нашу заяву з патрабаваннямі да вяртання адзінага падатка (свайго роду – патэнта) і адмены вышэй згаданага ўказа.
РР: Апошнім часам з’явіліся паведамленні, што ІП-эшнікам у разы знізяць штрафы за адсутнасць дакументаў…
Анатоль Шумчанка: Я магу сказаць адно – падаткавікі адмовілі па ўсіх прапановах, якія былі пададзены намі падчас пасяджэнняў Рабочай групы. А тое, што нехта нешта заявіў… Ніякіх доказаў таго, што штрафы знізяць, мы не маем.
РР: Кажуць, што многія прадпрымальнікі, пабачыўшы, што ні перамоўныя працэсы, ні акцыі пратэсту не скранулі праблему, пачалі ізноў выходзіць на працу. Гэта так?
Анатоль Шумчанка: Можа і выходзяць, але ж сутнасць не ў гэтым. Пройдзе першая праверка, канфіскацыя тавару, і мы ізноў сутыкнемся з хваляй пратэсту на месцах і напружаннем у прадпрымальніцкім асяродку. Праблема ж не вырашана, яна застаецца. А людзям патрэбна выжываць, хоць неяк працаваць. Таму трэба дабівацца таго, каб нас чулі. Чыноўнікі павінны ведаць, што трэба ісці на кампраміс і дамаўляцца.
РР: Ці ёсць увогуле плён ад дзейнасці Рабочай групы?
Анатоль Шумчанка: Перамоўная пляцоўка ў любым выпадку патрэбна. Менавіта тут будуць вырашацца праблемы прадпрымальнікаў. А наша задача зрабіць так, каб міністэрствы і ведамствы, якія там прысутнічаюць, занялі больш канструктыўную пазіцыю дзеля таго, каб прымаць нашы абгрунтаваныя прапановы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя