Анатоль Сідарэвіч: Гэты мастак і гэты рэдактар – невукі



Праўладная газета „Мінская праўда” надрукавала артыкул і абразлівую карыкатуру на каталіцкіх святароў, дзе яны параўноўваюцца з прыхільнікамі фашыстаў.

Артыкул выклікаў абурэнне ў грамадстве. Як супрацьстаяць такім чарнасоценным праявам, размаўляем з „Госцем Рацыі”, гісторыкам Анатолем Сідарэвічам.

РР: Шмат хто кажа, што тут ёсць прыкметы злачынства, распальванне варожасці.

– Я не ведаю, як там распальванне варожасці, гэта самае звычайнае невуцтва. Рэдактара газеты „Мінская праўда” мусіць трэба было б паслаць на пераэкзаменоўку з гісторыі Беларусі. Калі б ён ведаў гісторыю Беларусі, ён мог бы ведаць. Першае, ахвярамі ў Беларусі было не шмат беларускіх, менавіта беларускамоўных рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх святароў. Дык вось, айцец Вінцэнт Гадлеўскі забіты немцамі. Айцец Станіслаў Глякоўскі, забіты немцамі. Айцец Антн Неманцэвіч замучаны ў менскай турме немцамі. Што тычыцца польскіх ксяндзоў на тэрыторыі Беларусі, ва Усходняй Беларусі іх практычна не было, да 1939 года бальшавікі іх фізічна вынішчылі. А той, хто застаўся жывы, жыў дзесьці ў Гулагу. Святары засталіся толькі ў былой Заходняй Беларусі. Назваў бы мне рэдактар „Мінскай праўды”, хоць аднаго польскага, бо ўсе гэтыя святары былі польскамоўныя палякі, назваў бы мне хоць аднаго святара, які супрацоўнічаў з немцамі, працаваў на Абвер, на СД, браў удзел у карных аперацыях і г.д. Дык вось, практычна ўсе рыма-каталіцкія святары арыентаваліся на лонданскі эміграцыйны польскі ўрад і ў той ці іншай меры супрацоўнічалі ці спрыялі Арміі Краёвай, якая ў час Другой сусветнай вайны пэўны перыяд нават была саюзніцай чырвоных партызанаў. Было такое? Было. Гэта вам скажуць усе спецыялісты, якія вывучалі падзеі Другой сусветнай вайны ў Беларусі. Я хацеў бы пачуць прозвішчы, імёны  рыма-каталіцкіх святароў палякаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якія супрацоўнічалі с СД, з Абверам з іншымі нямецкімі спецслужбамі, якія бралі ўдзел у карных аперацыях і не супрацоўнічалі з польскім супрацівам.

РР: Немцы як раз праваслаўную царкву не вельмі ўціскалі, ставіліся нейтральна.

– Рэдактару „Мінская праўда” варта было б памятаць пра супрацоўніцтва праваслаўнай іерархіі з гітлераўцамі. Вядомы факт, што аўтакефалія беларускай царквы была абвешчана пад гітлераўскай акупацыяй. Можна назваць прозвішчы тых іерархаў. Быў такі патрыярх у Маскве – Алексій II Рыдзігер, яго бацька асвячаў крапідлам нямецкія гарматы, якія стралялі па Ленінградзе. 

РР: Можа за такія матэрыялы варта падаваць у суд?

– Гэты мастак і гэты рэдактар невукі, самыя сапраўдныя прапагандысты. Я не ведаю, гэта ідзе ад невуцтва ці ад палітычнай устаноўкі, хутчэй за ўсё і тое і тое сплялося. Калі няма аргументаў, тады пачынаецца голая прапаганда, вось і ўсё. Я не думаю, што Рыма-каталіцкі касцёл у Беларусі будзе падаваць у суд. Навошта з гэтым брудам звязвацца?

Беларускае Радыё Рацыя