Анатоль Трафімчык: Пілсудскі назваў сябе беларусам
Кіраўнік адноўленай польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі называў беларусаў дзяржаўным народам і выказваў сімпатыі да беларускага нацыянальнага руху.
Кандыдат гістарычных навук Анатоль Трафімчык прыводзіць факты прыязнага стаўлення Юзафа Пілсудскага да Беларусі ў першыя гады свайго кіравання.
– Ёсць дакуменцік, праўда, з ранніх часоў дзейнасці Пілсудскага, дзе ён падпісаўся беларусам. У наступныя гады ён, відаць, не надта любіў пра гэта ўзгадваць. І потым, калі ўспомніць 1919-ы год, калі ён выступіў з прамовай да грамадзян былога Вялікага княства Літоўскага, дзе ён сказаў, што звяртаецца як роўны да роўнага. І наабяцаў “залатыя горы” беларусам як нацыі дзяржаўнай.
Частка дзеячаў БНР бачыла ў прыхільніку федэралізму Юзафу Пілсудскім сябра беларускай дзяржаўнасці. З кіраўніком Польшчы сустракаліся шэраг беларускіх палітыкаў, у тым ліку старшыня Часовага беларускага нацыянальнага камітэту Аляксандр Прушынскі (Алесь Гарун) і прэм’ер-міністр БНР Антон Луцкевіч.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота liveinternet.ru