Анатоля Каханчыка зноў пакаралі арыштам за бел-чырвона-белую хату



Год таму ягоная хата ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну займела незвычайную расфарбоўку: гаспадар правёў тры  паласы ў колерах беларускага нацыянальнага сцяга па блакітным фоне сценаў. А ў акне знутры вывесіў Пагоню.

Праз колькі дзён Анатоля Каханчыка затрымалі і прысудзілі 7 сутак арышту за несанкцыянаванае пікетаванне –менавіта так міліцыянты кваліфікавалі незвычайны знешні выгляд вясковага жытла. Некалькі разоў Анатоля Каханчыка папярэджвалі, каб ён перафарбаваў хату, аднак гаспадар праявіў упартасць: аднавіў расфарбоўку нават пасля таго, як два тыдні таму невядомыя людзі ўночы зафарбавалі карычневым колерам чырвоную паласу і запэцкалі карычневай фарбай акно, у якім вісела Пагоня.

З 19 лістапада па 4 снежня сябар КХП БНФ адбываў арышт за рэпосты: яго прызналі вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыі (арт. 19.11 КаАП). Падчас арышту яго выклікалі да следчага, які папярэдзіў Анатоля Каханчыка, што супраць яго рыхтуюць новую справу за нежаданне перафарбаваць хату. Пагрозы спраўдзіліся: 20-га снежня актывіста выклікалі позвай у міліцыю, і адтуль ён ужо не вярнуўся. 21-га снежня спадара Каханчыка ўжо другі раз асудзілі за несанкцыянаванае пікетаванне – пакаралі арыштам на 25 сутак. Даведаўшыся пра затрыманне, Анатоль Каханчык паспеў перадаць сябрам, што будзе трымаць за кратамі сухую галадоўку – на знак пратэсту супраць несправядлівага абвінавачання.

Беларускае Радыё Рацыя