Анатоля Лябедзьку будуць судзіць
Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку 15 снежня чакае суд па адміністрацыйным абвінавачанні ў правядзенні несанкцыянаванай акцыі, якая адбылася 17 кастрычніка на пляцоўцы каля сталічнага Камароўскага рынку.
Падчас акцыі Лябедзька і яшчэ некалькі актывістаў партыі збіралі подпісы за адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова.
„Разгляд адміністрацыйнай справы адбудзецца заўтра ў 15.00 у судзе Савецкага раёна Менска”, — паведаміў БелаПАН Лябедзька.
Нагадаем, 17 кастрычніка правацэнтрысты (у кааліцыю ўваходзяць АГП, рух „За Свабоду” і аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”) пачалі кампанію „Не — дзедаўшчыне” за адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова. У прыватнасці яны збіралі подпісы за адстаўку міністра на пляцоўцы каля Камароўскага рынку.
„Тэма гібелі ў Печах салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ўжо выбухнула ў грамадстве так, што яе не замаўчаць. Я надрукаваў пост у „Аднакласніках” аб тым, хто павінен несці адказнасць за смерці салдат, па ім прагаласавала амаль 30 тыс. чалавек. Што цікава, другая па большасці група тых, хто прагаласаваў, лічыць, што адказнасць павінен несці галоўнакамандуючы Аляксандр Лукашэнка”, — заявіў тады БелаПАН Лябедзька.
21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са звязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай 3 кастрычніка ў падвале медроты. 5 кастрычніка ў якасці першапачатковай версіі следства назвала суіцыд, але сваякі з гэтым не пагадзіліся і заявілі аб гвалтоўным характары смерці. У выніку Следчы камітэт распачаў справу па ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, што мела вынікам цяжкія наступствы). Камітэт разглядае тры версіі таго, што здарылася: давядзенне да самагубства, забойства і самагубства.
15 лістапада генпракурор Аляксандр Канюк паведаміў журналістам, што ў сувязі з гібеллю Коржыча распачата каля 15 крымінальных спраў, прыкладна столькі ж фігурантаў.