Анатоля Мышкевіча аштрафавалі на 14 базавых



14 базавых адзінак адміністрацыйнага штрафу прысудзіў суддзя Дзмітры Бубенчык гарадзенцу Анатолю Мышкевічу.

Суд над грамадскім актывістам, каардынатарам цывільнай ініцыятывы „Гародня” Анатолем Мышкевічам прайшоў у гарадзенскім Ленінскім раённым судзе. Разглядалася яго адміністрацыйная справа паводле артыкула 23.34 частка 1 – „несанкцыянаванае масавае мерапрыемства”. Сваёй віны Анатоль не прызнаў.

– Я раздаваў улёткі. Змест іх быў такі ж самы, як і на плакаце. Гэта надпіс: “Мы помнім, не дазволім паўтарыць”. Былі выявы гэтых чатырох чалавек. Людзям, калі даваў улёткі, нагадваў, казаў, што ў гэты дзень адбылося. Калі я пачынаў расказваць, то ўсе помняць пра гэтых людзей, і ўсе былі абураныя. Усе добра разумеюць, што людзі, якія былі ва ўладзе, каб утрымаць уладу, былі гатовая пайсці на любое злачынства.

16-га верасня сёлета Анатоль правёў адзіночную акцыю. На муры аднаго з дамоў з’явіўся плакат са здымкамі зніклых беларусаў: Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага. Праваабаронцы ўважаюць падобныя судовыя працэсы ціскам на правы грамадзянаў у магчымасці публічнага выказвання ўласнай думкі.  У суд, падтрымаць Анатоля Мышкевіча, прыйшлі сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды Партыі БНФ.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя