Андрэй Бандарэнка абскарджвае спагнанне ў СІЗА магілёўскай турмы №4



Праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які адбывае тэрмін у магілёўскай турме №4, працягвае аспрэчваць спагнанні з боку сістэмы выканання пакараняў. На чарговым судовым разглядзе яго скаргі пабываў  праваабаронца Барыс Бухель. З яго слоў, скаргу Бандарэнкі нават не сталі разглядаць па сутнасці і пакінулі без задавальнення з-за заканчэння тэрміну абскарджання.

– У траўні яму дысцыплінарна было абвешчана спагнанне за тое, што ляжаў на ложку. Ён сцвярджае, што калі яго перавялі ў СІЗА магілёўскай турмы №4, ён неаднаразова ляжаў і яму ніхто не рабіў заўвагаў. Яго не азнаёмілі з правіламі ўтрымання ў гэтым СІЗА. Калі яму не рабілі заўвагаў, то ён лічыў, што так і павінна быць. Калі яму зрабілі заўвагу, ён не спрачаўся, выканаў патрабаванне наглядчыкаў, але потым даведаўся, што яму абвешчана дысцыплінарнае спагнанне. Тады ён пачаў яго абскарджваць.

Суддзя Галіна Тарасава, якая вяла працэс, не стала разглядаць скаргу Андрэя Бандарэнкі па сутнасці. На думку суда, Андрэй Бандарэнка мог скарыстацца правам абскардзіць спагнанне ў судзе на працягу месяца пасля яго вынясення. Такім чынам, Тарасава адмовіла ў скарзе з прычыны заканчэння тэрміну для звароту. Адвакат Вадзім Мушынскі, які прадстаўляў інтарэсы Андрэя Бандарэнка ў судзе, заявіў, што яны маюць намер абскардзіць рашэнне суда. Чакаецца, што праваабаронца падасць яшчэ некалькі скаргаў на дзеянні кіраўніцтва месцаў пазбаўлення волі, дзе ён адбываў свой тэрмін. Выхад праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі чакаецца ў сакавіку наступнага года.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя