Андрэй Бандарэнка атрымаў чарговую вымову



Зняволенаму праваабаронцу Андрэю Бандарэнку, які адбываае пакаранне ў турме №4 Магілёва, вынесена чарговая вымова. Пра гэта вязень распавёў у тэлефоннай размове са сваім бацькам Валерыем Бандарэнкам. Зняволены працуе на невялікай вытворчасці ў турме.

– Ён працуе цяпер не ў сваім пакоі, а на працоўным месцы. Зайшоў нейкі інжынер ці хтосьці такі і паведаміў, што такі і такі зняволены выконвае тое і тое. Пасля гэтага заходзіць камісія, якая знайшла склееныя канверты. Вядома, клей трапляе з аднаго канверта на другі – так і склеіліся канверты. А гэта ўжо дзяржаўныя страты, то бок шкодніцтва. За гэтыя дзве правіннасці яму і абвесцілі такі прысуд.

Па словах Валерыя Бандарэнкі, розных спагнанняў у яго сына набралася ўжо больш за дзясятак. На яго думку, яны выносяцца без сур’ёзных падстаў. Робіцца гэта – не выключае бацька зняволенага, – каб у адміністрацыі турмы была магчымасць пачаць супраць Андрэя Бандарэнкі крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне і пакінуць праваабаронцу за кратамі.

Вымова Андрэю Бандарэнку абвешчана напярэдадні наведвання турмы №4 прадстаўнікамі грамадскай рады пры МУС. У яе склад, між іншым, уваходзілі старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, спявачка і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ірына Дарафеева.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск