Андрэй Бандарэнка: Гэта ўсіх нас пазбаўляюць права на абарону
Праваабаронца Андрэй Бандарэнка патлумачыў, якой мэты хоча дасягнуць улада, калі праз кваліфікацыйную камісію Мінюста вырашыла пазбавіць ліцэнзіі адвакатку Ганну Бахціну.
Андрэй Бандарэнка: Усё тое, што адбылося з Ганнай Бахціной, якая нярэдка абараняла фігурантаў палітычных працэсаў, – дэманстрацыя таго, што ў адвакатуры адбываецца зачыстка няўгодных. Улада ўжо амаль поўнасцю знішчыла інстытут адвакатуры, падпарадкаваўшы яго Мінюсту і пазбавіўшы адвакатаў права голасу. Любы з адвакатаў, хто так ці інакш пярэчыць афіцыйнай пазіцыі у гучных справах, можа ў адзін момант пазбавіцца ліцэнзіі.
РР: Адвакацкая супольнасць чамусьці не кінулася абараняць калегу…
Андрэй Бандарэнка: Сёння адвакаты прадстаўляюць сабой фармальную супольнасць, якая існуе толькі дзякуючы таму, што гэтага патрабуе заканадаўства. Ва ўсіх краінах адвакаты абараняюць сваіх кліентаў ўсімі магчымымі метадамі, даюць інтэрв’ю, прыцягваюць увагу да несправядлівасці і парушэнняў, а нашы адвакаты баязліва маўчаць. Яны звязаны падпіскай “тайны следства”, пад якую можа патрапіць нават інфармацыя аб стане здароўя арыштаванага. Яны баяцца зрабіць кожны крок, бо знаходзяцца пад пагрозай пазбаўлення ліцэнзіі. Таму і сёння ціха маўчаць.
А Ганна Віктараўна Бахціна — адна з апошніх Адвакатаў з вялікай літары. Яна выконвала сваю працу прафесійна і без аглядкі на патрабаванні ўладаў (чытай: боку абвінавачвання), разумеючы, што ходзіць на мяжы бездані. Але гэтым і адрозніваецца прафесіянал ад абывацеля. Яна не проста адпрацоўвала ганарар, а АБАРАНЯЛА кліентаў і дапамагала ім (у меру сваіх магчымасцей) пазбегнуць несправядлівага абвінавачвання.
РР: Пазбаўленне яе ліцэнзіі – гэта такое пасланне ўсім астатнім адвакатам, каб сядзелі ціха?
Андрэй Бандарэнка: Безумоўна. І, як ужо казаў, гэта таксама спроба поўнасцю падпарадкаваць сабе увесь адвакацкі корпус, каб пераўтварыць яго ў марыянетачную адвакатуру, прымусіць працаваць на тых жа умовах, на якіх сёння працуе той жа парламент – у абавязковым парадку выконваць усе загады ўлады, следства і пракуратуры. Гэта неабходна ўладзе, каб працягнуць фарміраванне фасаднай дэмакратыі, выкарыстоўваючы крымінальнае заканадаўства (яго ў першую чаргу) для ціску на няўгодных і прадстаўляючы “патрэбныя” справаздачы ў міжнародныя структуры аб захаванні ў краіне “правоў чалавека”.
Сёння можна з упэўненасцю казаць, што гэта не Бахціну пазбавілі ліцэнзіі, гэта ўсіх нас пазбаўляюць права на абарону. Калі мы прамаўчым і на гэтым раз, то заўтра ўжо не будзе каму дапамагаць нам. І гэта датычыцца кожнага беларуса. Не абаронім Ганну Бахціну – дазволім уладзе поўнасцю знішчыць інстытут адвакатуры.
РР: Здаецца, у 2011 годзе Ганну Бахціну ўжо спрабавалі пазбавіць ліцэнзіі, але тады яна праз абскарджванні адстаяла свае правы. Можа гісторыя паўторыцца?
Андрэй Бандарэнка: Усё будзе залежыць ад таго, які рэзанас атрымае гэтая справа, і якая рэакцыя будзе ад міжнародных структур. У першую чаргу – ад ААН і АБСЕ. Улады сёння імкнуцца дыверсіфікаваць свае палітычныя рызыкі і ўсталяваць нармальныя стасункі з Захадам. Пры гэтым правы чалавека стаяць на першым месцы. У нашым выпадку усім абсалютна зразумела, што пераатэстоўваць адваката амаль з 40-гадовым стажам ды яшчэ і ў пазачарговым парадку – гэта па меншай меры глупства. Гэта адкрыты ціск на адваката.
Хаця ўвогуле, я не выключаю, што сітуацыя 2011 году можа паўтарыцца, бо эфект запалохванння адвакатаў ўжо дасягнуты, а ствараць свой негатыўны імідж з-за аднаго адваката ўлада, на мой погляд, пабаіцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя