Андрэй Бандарэнка: Спадзяюся адрадзіць “Платформу”
Праваабаронца Андрэй Бандарэнка распавёў пра тое, чым ён займаецца пасля выхаду на волю.
Нагадаем, тэрмін трохгадовага зняволення былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення, заканчваўся 31 сакавіка 2017 году, аднак супраць яго была заведзена новая крымінальная справа быццам бы за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы.
30 сакавіка ў Магілёве адбыўся суд, які не падтрымаў бок абвінавачвання, Бандарэнка быў апраўданы. Ужо на наступны дзень ён выйшаў на волю.
Андрэй Бандарэнка: Зараз усе сілы кінуты на адраджэнне “Платформы” і на дапамогу па вызваленні заснавальніка “Платформ Інавэйшн” Міхаіла Жамчужнага, якія зараз знаходзіцца за кратамі. Думаю, дзякуючы працы СМІ, праваабаронцаў і грамадскасці яго якраз і не перавялі з калоніі ў турму, хаця гэта было цалкам магчыма. Але трэба дамагацца, каб ён таксама як мага хутчэй апынуўся на волі.
РР: На ваш погляд, ці рэальна будзе адрадзіць “Платформу”?
Андрэй Бандарэнка: Рэальна, чаму ж не. Праўда, да гэтага пытання спрабуем падысці больш якасна і з большым прафесіяналізмам. Мы ўжо ведаем пра тыя памылкі, што дапускалі, таму, спадзяюся, што ўжо ў бліжэйшы час мы паўнацэнна заявім аб аднаўленні арганізацыі. Цудоўна разумею, што першым часам давядзецца вельмі складана, бо за той час, што я быў за кратамі, знішчана практычна ўся база, якая стваралася “Платформай”. Знішчаны сайты, скайпы, у рэгіянальных прадстаўнікоў пазабіралі тэхніку. Таму зараз пачынаем узнаўляць працу практычна з нуля. Праўда, людзі, якія ў нас працавалі раней, яны засталіся і гатовы далучацца да новай працы. І гэта, на мой погляд, самае галоўнае.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Новы Час