Андрэй Бандарэнка: Яны выконвалі “дзяржаўны заказ”
“5 снежня мы падаем скаргу ў Генеральную пракуратуру з патрабаваннем правесці праверку асобных дзяржаўных СМІ, якія паклёпнічалі на фігурантаў “справы патрыётаў”, – распавёў кіраўнік праваабарончай установы “Нью Платформ Інавэйшн” Андрэй Бандарэнка.
Андрэй Бандарэнка: Спыненне крымінальнага пераследу па “справе патрыётаў” для мяне з’явілася нечаканасцю. Прадказаць такое было даволі складана, бо ўсе мы ведаем, на чым трымаюцца такога кшталту справы. Можна з упэўненасць сказаць, што, фальсіфікуючы “справу патрыётаў”, следчыя органы сябе дыскрыдытавалі і яскрава паказалі, што ў краіне адсутнічае аб’ектыўнае і ўсебаковае расследванне. Ёсць “дзяржаўны заказ”, які выконваецца любымі шляхамі і сродкамі. І дзеля гэтага не спыняюцца ні перад чым.
РР: На кампенсацыю хлопцы могуць разлічваць?
Андрэй Бандарэнка: Сёння ўсе, хто праходзіў фігурантамі справы, могуць патрабаваць кампенсацыю маральнага, маёмаснага і фізічнага ўрону, які быў нанесены ў выніку незаконнага затрымання, незаконнага абвінавачвання і ўтрымання пад вартай. Акрамя таго, у дзеяннях асобных дзяржаўных СМІ утрымліваецца склад крымінальнага злачынства, ч.2 арт. 188 КК – Паклёп, які ўтрымліваецца ў публічным вытступленні альбо творы, які надрукаваны альбо публічна дэманструецца, альбо ў СМІ… Такім чынам, усе, хто пацярпеў ад супрацьпраўных дзеянняў дзяржаўных СМІ, могуць звяртацца ў Следчы камітэт з заявай прыцягнуць гэтыя сродкі масавай інфармацыі да крымінальнай адказнасці. Са свайго боку “Платформа” 5 снежня падае скаргу ў Генеральную пракуратуру з патрабаваннем правесці праверку на прадмет законнасці дзеянняў супрацоўнікаў БТ і “Советской Белоруссии”, што распаўсюдзілі непраўдзівую інфармацыю, якая насіла паклёпніцкі характар.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя