Андрэй Бастунец: 2019 год больш спакойны



Год 2019 – больш спакойны. Прынамсі, для медыя-супольнасці ды незалежных журналістаў. Пра гэта заяўляюць у Беларускай асацыяцыі журналістаў, арганізацыі, што займаецца маніторынгам парушэння правоў супрацоўнікаў СМІ. Зніжэнне прэсінгу звязваецца з еўрапейскімі гульнямі, калі беларускія ўлады імкнуліся паказацца ў больш выгадным святле перад міжнароднай супольнасцю, ды з парламенцкімі выбарамі.

Пра такую тэндэнцыю 2019 года  кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:

– Галоўная тэндэнцыя – гэта памяншэнне напружанасці, ціску на журналістаў, пачынаючы з траўня гэтага года. Я думаю, у звязку спачатку з Еўрапейскімі гульнямі, а потым з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. У гэты перыяд ціск на журналістаў зменшыўся ў параўнанні з мінулагоднім. Але мы ведаем, што тэндэнцыі ў краіне мяняюцца і залежаць ад палітычнай сітуацыі.

А наперадзе год, дзе нас чакаюць прэзідэнцкія выбары і непаразуменні з Расеяй. Аляксандр Лукашэнка таксама заяўляў, што наперадзе – больш складаныя часы, а значыць, улады могуць вярнуцца да абмежавання непадцэнзурнай інфармацыі, кажа эксперт.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя