Андрэй Бастунец: Будуць больш кантраляваць



У Беларусі змяніўся ўрад, на чале якога стаў выхадзец са спецслужбаў Раман Галоўчанка. Таксама – новы міністр інфармацыі. Дакладней вяртаецца ў ведамства Ігар Луцкі, які раней тут працаваў першым намеснікам міністра з 2014 да 2018 года, але потым сышоў кіраваць сталічным тэлебачаннем.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец перамену кіраўніка профільнага ведамства звязвае з выбарамі, яго прагноз песімістычны – будуць больш кантраляваць:

– Сістэма не мяняецца, але, як мы паглядзелі, калі міністрам быў Карлюкевіч, было бачна, што сітуацыя крыху адрознівалася ад той, калі ўзначальвала Ананіч. Зразумела, пэўную ролю асоба ўсё ж такі грае, але тым не менш тая сістэма каардынатаў, у якой ён працуе… Яны дастаткова жорстка вызначаюць тое, што ён мусіць рабіць. Зменены міністр інфармацыі. Гэта паказвае, што перад выбарамі, магчыма, патрэбнае больш «жорсткае» кіраванне медыйнай прасторай.

Пасаду міністра пакідае Алесь Карлюкевіч, з якім, паводле Андрэя Бастунца, прынамсі можна было размаўляць і дыскутаваць. Прагназаваць стыль кіравання інфармацыйнай прасторай новага міністра – пакуль зарана.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя