Андрэй Бастунец: Дзяржава выступае супраць незалежных СМІ і свабоды выказванняў



У Беларусі працягваецца пераслед незалежных журналістаў-фрылансераў па палітычный прыкмеце. За апошні месяц некалькі журналістаў нашага радыё былі пакараныя адміністрацыйнымі штрафамі ўладамі Беларусі.

Пра цяжкасці працы журналістаў  і пра змаганне за свабоду слова наш карэспандэнт  гутарыць з госцем Рацыі – старшынём Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэем Бастунцом.

РР: Напярэдадні навагодніх святаў кожная арганізацыя падводзіць пэўныя вынікі, робіць пэўныя высновы. Наколькі год быў удалым для вашай арганізацыі?

Андрэй Бастунец: Гэты год быў дастаткова цяжкі і для нашай арганізацыі, і для незалежнай журналісцкай супольнасці. Трэба адзначыць дзве галоўныя негатыўныя праблемы – гэта пераслед журналістаў  і змены ў заканадаўства аб СМІ. Што тычыцца пераследу, тут мы згадваем і блакаванне сайтаў, і пераслед журналістаў-фрылансераў за супрацу з замежнымі медыя і, зразумела, “справу БелТА”. Што тычыцца зменаў у заканадаўстве, гэта тое, што будзе ўплываць на развіццё падзей і ў наступным годзе, і далей. Гэта доўгатэрміновы ўплыў. І мы бачым, што гэтыя змены адбываліся ў бок большай жорсткасці заканадаўства і тычыліся ў першую чаргу рэгулявання дзейнасці ў інтэрнэце, прычым дзейнасці не толькі медыя, але і кожнага, хто карыстаецца інтэрнэтам.

Дзяржава выступае галоўным агрэсарам супраць журналістаў, супраць свабоды выказванняў.

РР: Як ідуць справы ў падтрымцы беларускай незалежнай журналістыкі міжнароднай супольнасцю?

Андрэй Бастунец: Міжнародная супольнасць падтрымлівае Беларусь, хоць мы кажам апошнім часам, што Беларусь неяк выпала з самай галоўнай сферы зацікаўленасці пэўных дзяржаў, устаноў, бо з’явіліся больш балючыя кропкі, напрыклад, расейская агрэсія ва Украіне, праблема міграцыі, Брэксіт. Мы бачым шмат праблем, якія адцягваюць увагу ад нашай краіны. І мы разумеем, што гэтыя праблемы вельмі значныя. Але міжнародныя арганізацыі і структуры адсочваюць сітуацыю ў Беларусі. Пра гэта сведчыць тое, што Еўрапарламент у сваіх рэзалюцыях адзначае дрэнную сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку і ціск на фрылансераў.  Пытанне штрафаў фрылансераў знаходзіцца ў павестцы дня “Дыялогу па правах чалавека” паміж ЕЗ і Рэспублікай Беларусь ужо некалькі гадоў. Калі здарылася “справа БелТА” ў жніўні, калі здавалася ўсе ў адпачынках, але на яе адрэагавалі і ўсе міжнародныя структуры – АБСЕ, Савет Еўропы, Еўразвяз і буйнейшыя сусветныя СМІ. І таму з вялікай удзячнасцю выказваюся ў бок гэтых структур і СМІ, якія не даюць нам выпасці з поля зроку тых, хто глядзіць на мапу Еўропы.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя