Андрэй Бастунец каментуе суды над журналістамі



„Сітуацыя з пераследам журналістаў-фрылансераў не мяняецца”, – канстатуе старшыня грамадскага аб’яднання Беларуская асацыяцыя журналістаў Андрэй Бастунец, які пракаментаваў сённяшнія судовыя працэсы ў Віцебску і Гародні.

Андрэй Бастунец

„Калі ў Віцебску разглядаліся скаргі на штрафы, вынесеныя ў дачыненні да журналістаў-фрылансераў Таццяны Смоткінай і Змітра Лупача, то ў Гародні справы Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча разглядаліся ў першы раз, але скончыліся такім жа прысудам – па 25 базавых велічынь штрафу за  незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі”, – кажа Андрэй Бастунец:

– Тыя пратаколы, якія былі складзены раней ці тыя пастановы, якія былі вынесеныя раней, яны рэалізуюцца ў тым самым накірунку, як гэта адбывалася па сёння. Паглядзім як будзе сітуацыя разгортвацца ў бліжэйшым будучым і ці словы прэзідэнта наконт таго, што ён паспрабуе разабрацца ў сітуацыі, нейкім чынам паўплываюць на гэта.

Прыгадаем, што ў час інтэрв’ю, якое Аляксандр Лукашэнка даў незалежным СМІ, журналісты яго праінфармавалі, што толькі з пачатку году адбылося 26 судоў над журналістамі-фрылансерамі. Агульная ж сума штрафаў, выпісаных ім за журналісцкую дзейнасць без акрэдытацыі, склала прыкладна 137 мільёнаў рублёў. Лукашэнка заявіў, што паступаць такім чынам у дачыненні да журналістаў – „гэта глупства” і абяцаў разабрацца ў сітуацыі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота baj.by