Андрэй Бастунец: Канал TVP Polonia будзе цікавы ў Беларусі абмежаванаму колу



TVP Polonia ў беларускім эфіры замест «Белсату» – рашэнне не вельмі лагічнае, кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. МЗС Польшчы скасоўвае дамову на фінансаванне незалежнага тэлеканала, які з Варшавы вядзе сваё вяшчанне для Беларусі. Гэта інфармацыя датычыць 2018 года. Яшчэ раней у кулуарах гучалі каментары, што польскія ўлады выменілі телеканал «Белсат» на дамоўленасці пра вяшчанне ў Беларусі TVP Polonia і Kultura. Але гэтага рашэння яшчэ няма і ніхто не дае гарантыі – заўважае старшыня БАЖу Андрэй Бастунец. Па-другое, TVP Polonia і Kultura цікавыя абмежаванаму колу гледачоў.

– Яны разлічаны на тых, хто цікавіцца польскай культурай і польскай мовай. Але тэлеканал Белсат – гэта ў свой час такі знак падтрымкі з боку Польшчы дэмакратычных сілаў у Беларусі і беларускай мовы. Гэта іншы зусім накірунак. Я думаю, што гэта ўсё мусіла разглядацца асобна. Пытанне Палоніі можа разглядацца паралельна з пытанне фінансавання Белсату.

У дыскусіях пра пашырэнне польскага тэлебачання ў Беларусі міністр замежных справаў Вітальд Вашчыкоўскі заявіў, што калі беларусы не разумеюць па-польску, „дык навучацца”. Вядучы адной з польскіх радыёстанцыі пракаментаваў, што „цяпер Польшча будзе звяртацца да Беларусі голасам TV Polonia, гэта значыць па-польску, а не ўсе ж беларусы гавораць па-польску”. Міністр адказаў: „Дык навучацца”.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя