Андрэй Бастунец: Хто забароніць сацыяльныя сеткі?
Ці могуць у Беларусі ўвесці забарону на каментарыі на сайтах? Пра гэта разважае старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька прапанаваў забараніць каментаванне на сайтах СМІ. Такую ідэю ён агучыў у чарговым «Клубе рэдактараў».
Андрэй Бастунец: Тэарэтычна могуць увесці такую забарону, калі будуць адпаведныя папраўкі ў заканадаўстве. Але мне здаецца,такія заявы больш нясуць правакацыйны характар. Маўляў, вось што можа быць, калі будзеце пісаць на форумах няправільныя каментары. Але сёння на вуліцы – век Інтэрнэту, таму поўнасцю забараніць камусьці каментаваць тую ці іншую з’яву проста немагчыма.
РР: Да таго ж, ёсць на сайтах мадэратары, які “фільтруюць” каментарыі. Яны ж таксама нясуць адказнасць за абмеркаванні?
Андрэй Бастунец: Тут склалася неадназначная сітуацыя. З аднаго боку указам прэзідэнта рэгламентавана, што за каментары нясуць адказнасць асобы, якія іх пакінулі. Але ў законе “Аб сродках масавай інфармацыі” напісана, што адказнасць за гэта найперш нясуць СМІ. Таму хтосьці абмерканні таго ці іншага артыкула пераносіць на асобную пляцоўку, прысутнічае фільтрацыя каментароў, а хто-ніхто і наогул поўнасцю адключае любыя абмеркаванні на сайце. Але, як ужо казаў, не думаю, што агучаная Давыдзькам ініцыятыва забараніць каментары мае сэнс. У сацыяльных сетках ідуць куды больш бурлівыя дыскусіі, таму якая розніца, дзе людзі будуць абмяркоўваць тэмы – на сайтах ці ў сацсетках? А сацыяльныя ж сеткі Давыдзька не забароніць…
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя