Андрэй Бастунец: Крымінальныя справы – гэта ўжо праз край



Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец пракаментаваў апошнія факты ціску на незалежных журналістаў.

Нагадаем, што працягваецца судовы працэс над журналісткамі тэлеканала “Белсат” Дар’яй Чульцовай і Кацярынай Андрэевай. Хутка пачнецца суд над журналісткай TUT.BY Кацярынай Барысевіч. За кратамі знаходзяцца многія іншыя прадстаўнікі СМІ, некаторых штрафуюць і адпраўляюць на “суткі”.

Андрэй Бастунец: І справа журналістак “Белсата”, і справа Кацярыны Барысевіч маюць да крымінала вельмі ўскоснае дачыненне і толькі таму, што выкарыстоўваюцца юрыдычныя механізмы.

Хаця ўсім відавочна, што дзяўчаты проста выконвалі свае прафесійныя абавязкі, і ні пра які крымінальны пераслед гаворка наогул не павінна ісці. У горшым выпадку, можна было б казаць пра завядзенне адміністрацыйнага працэса, але крымінальныя справы – гэта ўжо праз край.

РР: Журналісты ў Беларусі трапляюць пад крымінальны пераслед не першы раз..

Андрэй Бастунец: Так, гэта доўжыцца на працягу ўсяго існавання незалежнай Беларусі, але, відаць, ніколі масштаб рэпрэсій у дачыненні да незалежных СМІ не набываў такі масавы характар.

РР: На ваш погляд, які прысуд можа быць вынесены журналісткам?

Андрэй Бастунец: Нельга нічога спрагназаваць, бо тут усё залежыць ад таго, які будзе загад зверху. Я вельмі хацеў бы, каб нашы калегі былі як мага хутчэй на волі, але не ведаю, наколькі гэта магчыма ў сучаснай Беларусі пры сёняшнім рэжыме.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя