Андрэй Бастунец: На Сяргея Сацука аказваецца ціск



Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец кажа пра палітычны складнік у справе з затрыманнем журналіста Сяргея Сацука.

Нагадаем, што 25 сакавіка супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю затрымалі галоўнага рэдактара беларускага партала «Ежедневник» Сяргея Сацука.

Падставай для затрымання стала нібыта атрыманне Сяргеем грашовых сродкаў для ажыццяўлення журналісцкіх расследаванняў больш за год таму. У адносінах да журналіста была абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Раней Сацук друкаваў расследаванні па фактах карупцыі ў сістэме Міністэрства аховы здароўя, і яму паступалі пагрозы.

Андрэй Бастунец: Мне падаецца, што ў «справе Сяргей Сацука» ёсць пэўны палітычны складнік, калі казаць пра гэта ў шырокім сэнсе слова. Гэта звязана з тымі антыкарупцыйнымі расследаваннямі, якія праводзіў Сяргей апошнім часам.

Што датычыцца перспектыў справы, то, напэўна, у бліжэйшы час мы даведаемся, у якіх канкрэтна дзеяннях абвінавачваецца журналіст.

РР: Нярэдка следства загадзя абірае абвінаваўчы ўхіл…

Андрэй Бастунец: Не толькі следства, але, як правіла, і суды з такім ухілам. Пабачым, як далей будуць разгортвацца падзеі, але ўжо сёння відавочна, што тыя працэсуальныя меры, якія ўжываліся ў дачыненні да Сяргея Сацука, яны былі празмерныя і неадэкватныя.

Яго не выклікалі на допыт, а паказальна затрымалі на вуліцы. Такім чынам паказалі, што за ім сачылі. Прымянілі меру стрымання пад вартай, хаця дома ў журналіста хворая жонка, і відавочна, што з’ехаць ён нікуды не збіраўся. Таму ўсё гэта – моманты ціску на Сяргея, якія цяжка прызнаць абгрунтаванымі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя