Андрэй Бастунец пераабраны старшынём БАЖ на наступныя тры гады (абноўлена)



11-ы з’езд Беларускай асацыяцыі журналістаў праходзіць у Менску.У ім удзельнічае больш 60 дэлегатаў з усёй Беларусі. Па словах старшыні БАЖу Андрэя Бастунца, з’езд праходзіць у вельмі складаных умовах. Амаль паўтары дзясятка сябраў арганізацыі за кратамі, сотні патрапілі пад розныя рэпрэсіі. У тым ліку пад крымінальным пераследам знаходзіцца і БАЖ. І тым не менш арганізацыя працягвае працу, як працягваюць працу і незалежныя дэмакртычныя СМІ. За плячыма арганізацыі ўжо больш як чвэрць стагоддзя дзейнасці ў складаных умовах, – распавядае Андрэй Бастунец. І гэты досвед дапамагае выстаяць у цяперашняй сітуацыі.

– Сённяшняя сітуацыя найбольш складаная, бо такога ўзроўню ціску па ўсіх накірунках, тут важна адзначыць сістэмнасць працы ўладаў, бо ціск ідзе па ўсіх накірунках – і на фрылансераў, і на зарэгістраваныя традыцыйныя медыя, і на інтэрнэт-рэсурсы, якія не зарэгістраваныя як СМІ, і ў накірунку большай жорсткасці заканадаўства. І самае галоўнае, канешне, гэта крымінальныя справы супраць нашых калегаў. Але, нягледзячы на гэта, менавіта ў гэты час мы больш адчуваем і салідарнасць унутры журналісцкай супольнасці, і з журналістамі з боку грамадскасці.

„Гэтага раней раз-пораз не хапала. І нават узнікала пытанне: а ці ёсць права на свабоду выказвання каштоўнасцю для беларускага грамадства? А зараз мы бачым, што гэта – важная каштоўнасць. Што з’яўляецца самай значнай гарантыяй – свабодныя дэмакратычныя сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі, нягледзячы на ўсе цяжкасці,  не знікнуць,” – упэўнены Андрэй Бастунец.

Беларускае Радыё Рацыя

Андрэй Бастунец пераабраны старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў на наступныя тры гады. За яго кандыдатуру аднагалосна прагаласавалі дэлегаты 11-га з’езда БАЖ, які праходзіць 16 красавіка ў Менску.

Выбары прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове.

У сваю чаргу Бастунец прапанаваў пераабраць яго намеснікамі Барыса Гарэцкага, Алега Агеева, Аляксандра Старыкевіча. Замест Аліны Суравец чацвёртым намеснікам старшыні БАЖ было прапанавана абраць Ірыну Слаўнікаву, якая з’яўляецца прадстаўніком тэлеканала „Белсат” у Беларусі.

Галоўны рэдактар „Еўрарадыё” Павел Свярдлоў прапанаваў вылучыць на пасаду намесніка старшыні БАЖ Жанну Літвіну, бо яе досвед можа быць карысны арганізацыі. Літвіна, якая да 2015 года ўзначальвала БАЖ і з’яўляецца членам праўлення арганізацыі, адмовілася: „Двойчы ў адну раку не ўваходзяць”.

Паступіла таксама прапанова абраць адным з намеснікаў Юлію Катаржынскую, якая ў БАЖ працуе з рэгіянальнымі журналістамі. Аднак Бастунец папрасіў з’езд прагаласаваць адзіным спісам за кандыдатуры, якія прапанаваў ён. „За” прагаласавала 37 дэлегатаў, „супраць” — 3, „устрымаліся” — 3. Такім чынам, намеснікамі старшыні БАЖ абраныя Гарэцкі, Агееў, Старыкевіч і Слаўнікава.

У склад праўлення БАЖ (старшыня і яго намеснікі аўтаматычна ўключаюцца ў праўленне) абралі Юрыя Карманава, Андрэя Клікунова, Марыну Загорскую, Вольгу Хвоін, Уладзіміра Янукевіча, Антона Сурапіна, Аліну Суравец, Юлію Катаржынскую, Барыса Вырвіча, Ірыну Віданаву, Жанну Літвіну, Зою Хруцкую.

У склад рады БАЖ (аўтаматычна ў яе ўваходзяць кіраўніцтва і члены праўлення БАЖ) абраныя кіраўнікі рэгіянальных філіялаў БАЖ і шэрагу рэдакцый СМІ, у тым ліку галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына, галоўны рэдактар „Нашай Нівы” Ягор Марціновіч і галоўны рэдактар газеты „Новы Час” Аксана Колб.

У камісію па этыцы пераабраны Сяргей Ваганаў, Дзмітрый Падбярэзскі, Анатоль Гатоўчыц, Зміцер Панкавец, Таццяна Равяка, Валерый Карбалевіч, Таццяна Мельнічук. Яны ж уваходзілі ў склад камісіі ў папярэднія тры гады.

belapan.by