Андрэй Бастунец: Перадусім нас цікавіць, што будзе з беларускімі журналістамі



Сітуацыя з незалежным тэлеканалам Белсат, аб спыненні фінасавання якога заявіла МЗС Польшчы, выклікала шмат дыскусіяў, – кажа кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. Гэта і дыскусіі аб інфармацыйным уплыве тэлеканалу, якасці яго праграмаў, аб палітыцы Польшчы ў дачыненні да Беларусі. Але БАЖ, па словах кіраўніка гэтай арганізацыі,  у гэтай сітуацыі  хвалююць некалькі іншыя аспекты.

– Першае, гэта тое, што знікае сродак масавай інфармацыі, які працаваў у Беларусі. Другое, што гэта сродак масавай інфармацыі беларускамоўны. І трэці факт, гэта тое, што большасць журналістаў, якія працавалі ў ім, з’яўляюцца сацыяльна неабароненымі, і не зразумела, ці атрымаюць яны якія кампенсацыі, ці гарантыі пасля таго, як будзе завершана фінансаванне каналу.

Па словах Андрэя Бастунца, пазітыўных адказаў на гэтыя пытанні пакуль не бачна. Калі б польскія ўлады мелі нейкае жаданне захаваць гэты канал, спачатку трэба было б пашукаць альтэрнатыўныя крыніцы фінансавання, а ўжо потым абвяшчаць аб спыненні яго фінансавання праз МЗС, – лічыць Андрэй Бастунец.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя