Андрэй Бастунец: Пытанне акрэдытацыі можа быць вырашана толькі палітычным шляхам



Пытанне адмовы ў акрэдытацыі журналістам Радыё Рацыя, як і тэлеканала Белсат, якія вяшчаюць з Польшчы, магчыма вырашыць толькі палітычным шляхам, – лічыць юрыст Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Андрэй Бастунец.

Журналісту з Гародні Віктару Парфёненку ўжо больш за 10 разоў Міністэрства замежных спраў Беларусі адмовіла ў акрэдытацыі ў якасці карэспандэнта Беларускага Радыё Рацыя.

Гаворыць Андрэй Бастунец:

– Журналісты, якія супрацоўнічаюць з польскімі медыямі – Белсат і Радыё Рацыя, сёння фактычна не маюць магчымасці атрымаць акрэдытацыю. Шмат хто з іх пераследуецца ў адміністрацыйным парадку. Гэта вызначаная палітыка на сёння беларускіх уладаў. Гэтае пытанне, на мой погляд, можа быць вырашана на палітычным узроўні перамоваў паміж польскімі ўладамі і беларускімі, паміж Еўразвязам і Беларуссю.

За ўсе гады працы Беларускага Радыё Рацыя Міністэрства замежных спраў Беларусі ні разу не акрэдытавала яго карэспандэнтаў. Падчас апошняга візіту ў Беласток старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч абяцаў паспрыяць у станоўчым разглядзе заявак на акрэдытацыю. Пакуль безвынікова.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя