Андрэй Бастунец: Пытанняў больш чым адказаў
Так пра справу Паўла Шарамета кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
У БАЖы адзначаюць, што справа асабліва заўважна на фоне новых паведамленняў аб падрабязнасцях палітычных знікненняў у Беларусі. Да нядаўняга часу справа забітага ва Украіне беларускага журналіста таксама магла ўвайсці ў гісторыю, як не раскрытая. Але Украіна паведамляе пра затрыманні падазраваных. На іншыя акалічнасці сваю ўвагу звяртае старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:
– Мы бачым, што ўзнікае шмат пытанняў да таго, як гэтая справа праводзілася. Ёсць меркаванне пра тое, што гэта адцягненне грамадскай увагі ад палітычных працэсаў, якія адбываюцца ў суседняй краіне, але вельмі хацелася б верыць, што следства і суд зробяць сваю працу дасканала, і мы даведаемся сапраўдных віноўнікаў гэтага злачынства.
Ва Украіне затрымалі траіх падазраваных у арганізацыі і забойстве Паўла Шарамета — музыку і вайскоўца Андрэя Антоненку, дзіцячага кардыяхірурга, валанцёрку Юлію Кузьменку і вайсковую медсястру Яну Дугар. Раней украінскія праваахоўнікі арыштавалі яшчэ дваіх добраахвотнікаў — мужа і жонку Уладзіслава і Іну Грышчанкаў, якіх таксама палічылі датычнымі да забойства Шарамета. Вакол справы ва Украіне вялікі грамадскі рэзананс, бо ёсць падставы не давяраць следству, якое палітызуецца.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя