Андрэй Бастунец: Спадзяванні не спраўдзіліся
Спадзяванні на справядлівы разгляд справы былі, пракаментаваў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец адказ з Вярхоўнага суда, які атрымала наш карэспандэнт Таццяна Смоткіна. Яна абскарджвала рашэнне суда ў Глыбокім, які пакараў яе штрафам за так званы „незаконны выраб прадукцыі СМІ і працу без акрэдытацыі на замежнае выданне”.
Андрэй Бастунец узгадвае словы Аляксандра Лукашэнкі, які яшчэ летам абяцаў „разабрацца ў сітуацыі”. Пасля яго слоў на некаторы час журналістаў перасталі пераследаваць па гэтым артыкуле Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях. Новых спраў не заводзілася, але і заведзеныя раней абскардзіць не атрымлівалася. Суды вышэйшых інстанцый толькі пацвярджалі раней вынесеныя рашэнні, працягвае Андрэй Бастунец:
– Гэта значыць, што насамрэч прававы падыход да гэтай сітуацыі не змяніўся, і гэта вельмі Беларускую асацыяцыю журналістаў турбуе. Гэта значыць, што вось такія, на мой погляд, абсалютна і незаконныя прымяненні гэтага артыкула Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях да журналістаў, сам факт забароны дзейнасці без акрэдытацыі, падыход да гэтага з боку ўладаў застаецца, якім ён быў і раней нягледзячы ні на што.
За так званы, „незаконны выраб прадукцыі СМІ і працу без акрэдытацыі на замежнае выданне” ў мінулым годзе беларускія суды вынеслі 28 пастановаў, у 2016-м – ужо 7.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя